2017-02-25 12:52:00

Папа распавёў, калі грамадства можа лічыць сябе сталым


Якасць жыцця грамадства ў значнай ступені вымяраецца яго здольнасцю да інклюзіўнасці ў адносінах да слабых і патрабуючых, - адзначыў Святы Айцец 25 лютага 2017 г. падчас аўдыенцыі для валанцёраў і кіраўніцтва італьянскай дабрачыннай арганізацыі “Comunità di Capodarco”. Адным з яе прыярытэтных заданняў з’яўляецца дапамога няпоўнаспраўным асобам.

Па словах Пантыфіка, грамадства дасягае сваёй сталасці, калі ўключэнне ў яго жыццё самых слабых і патрабуючых ўспрымаецца не як нешта надзвычайнае, але нармальнае. “Таксама і асоба з няпоўнаспраўнасцю або фізічнай, псіхічнай ці маральнай уразлівасцю павінна мець магчымасць для ўдзелу ў жыцці грамадства і атрымліваць дапамогу ў рэалізацыі свайго патэнцыялу ў розных вымярэннях”, - сказаў ён. 

Папа перакананы, што “толькі, калі будуць прызнаны правы самых слабых, грамадства можа казаць, што заснавана на праве і справядлівасці”. “Грамадства, якое дае месца толькі асобам, якія цалкам поўнаспраўныя, ва ўсім аўтаномныя і незалежныя, не было б грамадствам годным чалавека. Дыскрымінацыя па прыкмеце эфектыўнасці не менш ганебная за тую, якая, робіцца па расавай, маёмаснай ці рэлігійнай прыкмеце”, - заўважыў Святы Айцец.

“Comunità di Capodarco” была заснавана ў 1966 г. італьянскім святаром кс. Франка Монтэрубіанэзі. Сёння яна дзейнічае ў 14 гарадах і 11 рэгіёнах Італіі і налічвае некалькі сотняў супрацоўнікаў і валанцёраў.








All the contents on this site are copyrighted ©.