2017-02-24 13:34:00

Рэкалекцыі для Папы: паміж евангелістам Мацвеем і Кафкай


Не толькі для евангеліста Мацвея, але таксама для Франца Кафкі, Амоса Оза, Эманюэля Карэра, сем’яў, бедных і пакутуючых знойдзецца месца ў медытацыях, якія прагучаць падчас духоўных практыкаванняў для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі. Рэкалекцыі пройдуць 5-10 сакавіка 2017 г. у мястэчку Арыча, у 30 км ад Рыма. Іх правядзе 53-гадовы італьянскі францішканін айцец Джуліа Мікеліні, выкладчык Тэалагічнага інстытута ў Асізі.

У інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” законнік распавёў, што прыняў запрашэнне правесці духоўныя практыкаванні для Папы з пачуццём вялікай адказнасці. “Я зразумеў, што гаворка ідзе пра вельмі важную справу і прызнаюся, што перад тым як пагадзіцца, я пракансультаваўся з маім духоўным кіраўніком”, - сказаў ён.

Рэкалецыі будуць прысвечаны тэме: “Мука, смерць і ўваскрасенне Езуса паводле св. Мацвея”. На думку айца Джуліа Мікеліні, пачатак Вялікага посту адразу ж скіроўвае да Вялікага тыдня, “падчас якога цэлебруецца сэрца хрысціянскай таямніцы, а менавіта мука, смерць і ўваскрасенне Езуса”. Гэта стала першай прычынай выбару тэмы. Другая прычына абумоўлена сферай інтарэсаў самаго рэкалекцыяніста, які з’яўляецца спецыялістам менавіта ў Евангеллі паводле св. Мацвея.

Па словах францішканіна, яго медытацыі будуць вельмі актуальнымі. Частку, якая прысвечана жонцы Пілата, яму дапамагла падрыхтаваць сужэнская пара і таму ў ёй гаворка пойдзе пра сям’ю. Знойдзецца таксама месца для бедных, бо напачатку сваёй мукі Хрыстус сказаў: “убогіх заўсёды маеце пры сабе”, і для пакутуючых, якім быў сам Езус на Аліўнай гары. Айцец Мікеліні распавёў, што ў сваіх разважаннях ён будзе карыстацца не толькі евангельскімі тэкстамі, але таксама такімі творамі як “Валадарства” Эманюэля Карэра, “Юда” Амоса Оза, “Метамарфозы” Франца Кафкі, “Выбар Сафі” Уільяма Стайрана.

Акрамя медытацый у праграме рэкалекцый прадугледжаны: малітва, разважанні, штодзённая адарацыя і Эўхарыстыя. У перыяд духоўных практыкаванняў будуць прыпынены ўсе аўдыенцыі і публічная дзейнасць Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.