2017-02-24 11:11:00

Папа зрабіў жэст салідарнасці з італьянскімі фермерамі


Святы Айцец пажадаў падтрымаць фермераў, вытворцаў і прадаўцоў сельскагаспадарчай прадукцыі з рэгіёнаў, якія пацярпелі ад мінулагодняга землятрусу ў цэнтральнай частцы Італіі. Супрацоўнікі Апостальскай элемазінарыі – ватыканскай структуры, якая ад імя Пантыфіка ажыцяўляе дапамогу бедным – наведалі гэты рэгіён і набылі вялікую колькасць прадуктаў харчавання мясцовай вытворчасці.

Фермерскія гаспадаркі і крамы, дзе закупаліся прадукты, апынуліся пад пагрозай спынення сваёй дзейнасці па прычыне наступстваў землятрусу. Яны былі выбраны ў супрацоўніцтве з мясцовымі біскупамі, а набытыя ў іх прадукты былі адразу ж размеркаваны паміж дабрачыннымі сталоўкамі ў Рыме. Яны будуць выкарыстаны пры гатаванні страў, якія штодзённа раздаюцца патрабуючым і бяздомным. 

Ужо на працягу некалькіх месяцаў у супермаркеце, які знаходзіцца на тэрыторыі Ватыкана і прызначаны для карыстання ватыканскімі служачымі, магчыма набыць некаторыя традыцыйныя прадукты з тэрыторый, што пацярпелі ад землятрусу, і такім чынам дапамагчы ў адраджэнні эканомікі гэтай часткі Італіі.

Жэст салідарнасці з фермерамі адпавядае лініі навучання папы Францішка, які частка паўтарае: “калі не зарабляецца хлеб, губляецца годнасць”, гаворыцца ў апублікаваным 23 лютага 2017 г. паведамленні Апостальскай элемазінарыі.

Падземныя штуршкі у цэнтральнай частцы Італіі працягваюцца з канца жніўня 2016 г. У выніку землятрусу загінулі больш за 300 чалавек, была разбурана вялікая колькасць дамоў, пабудоваў, аб’ектаў культурнай і рэлігійнай спадчыны, нанесена вялікая шкода эканоміцы рэгіёну.








All the contents on this site are copyrighted ©.