2017-02-22 12:22:00

Святы Айцец: чалавечая пыха нішчыць стварэнне


Аб надзеі на адраджэнне свету і чалавецтва, казаў папа Францішак 22 лютага 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Пантыфік спаслаўся на словы аб дары стварэння, як месцы ўстанаўлення адносін паміж чалавекам з Богам і распазнання слядоў Божай задумы любові, што гучаць у Пасланні да Рымлянаў (Рым 8,19-27).

“Праз трагічны досвед граху разарвалася адзінства з Богам, мы знішчылі першародную еднасць з усім, што нас акружае, і пачалі псаваць стварэнне, знявольваючы яго, робячы падпарадкаваным нашай тленнасці. На жаль, наступства ўсяго гэтага драматычным чынам штодзённа знаходзіцца перад нашымі вачыма. Разрываючы адзінства з Богам, чалавек губляе сваю першародную прыгажосць і даходзіць да знявечвання ўсяго вакол сябе. І там, дзе спачатку ўсё адсылала да Айца Стварыцеля і Яго бясконцай любові, зараз існуе смутны і прыгнятаючы знак чалавечай пыхі і прагнасці. Чалавечая пыха, эксплуатуючы стварэнне, знішчае яго”, - сказаў Папа.

Бог, аднак, не пакідае людзей і дае перспектыву новага вызвалення, паўсюднага збаўлення. Менавіта гэта падкрэслівае апостал Павел, заклікаючы пачуць стогн стварэння, заўважыў Святы Айцец.

“Калі звернем увагу, насамрэч, усё вакол нас стогне: стогне само стварэнне, стогнем мы, людзі, і стогне Дух унутры нас, у нашым сэрцы. Сёння гэтыя стогны не бясплодныя, не няўцешныя, але – як удакладняе апостал – яны з’яўляюцца стогнамі парадзіхі; гэта стогны тых, хто пакутуе, але ведае, што вось-вось народзіцца новае жыццё. У нашым выпадку, гэта сапраўды так. Мы ўсё яшчэ змагаемся з наступствамі нашага граху і ўсё вакол нас яшчэ нясе адбітак нашай стомленасці, цяжкасцяў, нашых недахопаў, нашай закрытасці. У той жа час, аднак, мы ведаем, што былі збаўлены Панам і нам ужо дадзена сузіраць і адчуваць смак, у нас і ва ўсім, што нас акружае, знакаў уваскрасення, Пасхі, якія чыняць новае стварэнне”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Францішка, на гэтым палягае хрысціянская надзея. Хрысціянін не жыве па-за светам, ён здольны распазнаваць ва ўласным жыцці і ва ўсім, што яго акружае знакі зла, эгаізму і граху, дадаў Папа. 

“Ён салідарны з тымі, хто пакутуе, хто плача, хто быў адчужаны, хто адчувае сябе ў роспачы... Але, у той жа час, хрысціянін навучыўся чытаць усё гэта вачыма Пасхі, вачыма Уваскрослага Хрыста. І таму ён ведае, што мы жывем у час чакання, час тугі, якая выходзіць за рамкі сучаснасці, у час спаўнення. У надзеі мы ведаем, што Пан праз сваю міласэрнасць жадае канчаткова залячыць параненыя і прыніжаныя сэрцы і ўсё, што чалавек знявечыў у сваёй бязбожнасці, і што такім чынам Ён адродзіць новы свет і новае чалавецтва, нарэшцэ прыміраныя ў Яго любові”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне катэхезы Папа заўважыў, што хрысціяне часта сустракаюцца са спакусай расчаравання і песімізму, але ў такіх сітуацыях прыходзіць Святы Дух, Які захоўвае жывым чаканне ў сэрцах. Дух бачыць далей за адмоўныя ілюзіі аб сучаснасці і ўжо зараз адкрывае новыя нябёсы і новую зямлю, якія Пан падрыхтаваў для чалавецтва, перакананы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.