2017-02-16 14:17:00

Святы Айцец: усе адказныя за захаванне міру


Войны пачынаюцца ў сэрцах, таму ўсе людзі адказныя за захаванне міру, падкрэсліў папа Францішак 16 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на тры вобразы, прысутныя ва ўрыўку з Кнігі Быцця (8,6-13. 20-22; 9,1-13), які чытаўся падчас літургіі: галубкі, вясёлкі і запавету.

Галубка, якая вярнулася да Ноя з аліўкавай галінкай у дзюбе – гэта знак таго, чаго Бог прагнуў пасля патопу: міру, каб усе людзі былі ў міры, заўважыў Папа. У той жа час ён адзначыў, што і галубка і вясёлка – ўразлівыя. Прыгожая вясёлка з’яўляецца пасля навальніцы, але прыходзяць аблокі і яна знікае. Таксама і галубка – гэта безабаронная птушка, у чым можна было пераканацца два гады таму, калі чайка-рагатуха забіла дзвюх галубоў, якіх падчас малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец выпусціў з вакна Апостальскага палацу.

Папа падкрэсліў, што мір, які Бог заключае з чалавекам, складана захоўваць. Гэта штодзённая праца, бо ўнутры чалавека прысутнічае першародны грэх, дух Каіна, які з рэўнасці, зайздрасці, сквапнасці і прагі ўлады распачынае войны. 

Францішак заўважыў, што гаворачы пра запавет з чалавекам Бог казаў пра кроў: “Бо за кроў жыццяў вашых Я спаганю з кожнай жывёлы; а з рукі чалавека і з рукі кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека” (Быц 8,5). Мы з’яўляемся ахоўнікамі нашых братоў, а калі даходзіць да праліцця крыві здзейсняем грэх, з якога Бог у нас спытае, падкрэсліў Святы Айцец.

“У сучасным свеце льецца кроў. Сёння свет знаходзіцца ў стане вайны. Гіне шмат братоў і сясцёр, у тым ліку нявінных, бо вялікія, магутныя, жадаюць яшчэ адзін кавалак зямлі, жадаюць крыху больш улады ці крыху больш зарабіць на продажы зброі. Але Божае слова яснае: “Бо за кроў жыццяў вашых Я спаганю з кожнай жывёлы; а з рукі чалавека і з рукі кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека”. Таксама і нам, якім здаецца, што жывем у міры, Бог выставіць рахунак за кроў нашых братоў і сясцёр, які пакутуюць ад войнаў”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў паразважаць, які ўклад яны робяць у захаванне міру. Ён нагадаў, што войны пачынаюцца ў чалавечых сэрцах, у сем’ях, у колах сяброў і пашыраюцца на ўвесь свет. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў неабходнасць у штодзённай, асабістай адданасці ўмацаванню міра ў нашых асяродках і ва ўсім свеце. Папа дадаў, што мір у свет прыносіць кроў Хрыста, а не кроў братоў пралітая намі або гандлярамі зброі ці магутнымі гэтага свету ў вялікіх войнах.

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак пажадаў, каб закончыліся войны ў сэрцах людзей, у сем’ях, закончыліся войны паміж суседзямі, калегамі па працы, каб закончыліся войны ва ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.