2017-02-16 15:30:00

Папа: інклюзіўнасць узбагачае любое грамадства


“Кожная асоба з’яўляецца каштоўнай, кожная асоба з’яўляецца дарам, а інклюзіўнасць узбагачае любую супольнасць і грамадства”, - адзначыў папа Францішак 16 лютага 2017 г. прымаючы на аўдыенцыі дэлегацыю арганізацыі Спецыяльная Алімпіяда (Special Olympics International), якая праводзіць спартыўныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых з парушэннямі інтэлекту. 

Сустрэча адбылася ў кантэксце запланаваных на сакавік 2017 г. Сусветных зімовых Спецыяльных Алімпійскіх гульняў у аўстрыйскім рэгіёне Штырыя.

“Спартыўная дзейнасць з’яўляецца карыснай для вашага цела і духа, і дазваляе вам палепшыць якасць вашага жыцця. Пастаянныя трэніроўкі, якія патрабуюць высілкаў і ахвяраў, дапамагаюць узрастаць у цярплівасці і вытрываласці, даюць сілу і адвагу, дазваляюць набыць і развіць здольнасці, якія б без гэтага засталіся схаванымі”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ў аснове спартыўнай дзейнасці, у пэўным сэнсе, ляжыць радасць: радасць руху, знаходжання разам, радасць з прычыны жыцця і дароў, якія Стварыцель штодзённа нам пасылае. “Калі бачым прыгожую ўсмешку на вашых абліччах і вялікую радасць у вашых вачах ад таго, што ў вас усё атрымалася падчас спаборніцтваў – а самая цудоўная перамога заключаецца ў перамозе над самм сабой! – мы ўсведамляем, што азначае шчырая і па-сапраўднаму заслужанная радасць! І можам навучыцца ад вас радавацца малым і простым рэчам, радавацца разам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што спорт дапамагае пашыраць культуру сустрэчы і салідарнасці і дэманструе, што не існуе перашкодаў, якія б было немагчыма пераадоліць.

“Вы з’яўляецеся знакам надзеі для ўсіх, хто прыкладае намаганні на карысць больш інклюзіўнага грамадства. Кожнае жыццё – каштоўнае, кожная асоба – гэта дар, а інклюзіўнасць узбагачае любую супольнасць і грамадства. Гэта ваша пасланне для свету, для свету без межаў і без адчужэння”, - сказаў Папа.

Спецыяльная Алімпіяда дзейнічае ў 170 краінах свету. Налічваецца каля 4 млн. маладых і дарослых спартсменаў з парушэннямі інтэлекту і больш за 1 млн. валанцёраў, якія прымаюць удзел у ініцыятывах, арганізаваных пад эгідай гэтай асацыяцыі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.