2017-02-15 14:11:00

Кардыналы абмеркавалі ватыканскія СМІ і судовыя ўстановы


Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам прайшло ў Ватыкане 13-15 лютага 2017 г. і было прысвечана далейшаму разгляду пытанняў, звязаных з удасканаленнем служэння дыкастэрый Рымскай курыі агульнай місіі Касцёла. 

Напачатку сустрэчы каардынатар Рады, кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, ад імя ўсіх яе членаў падзякаваў Святому Айцу за словы, скіраваныя 22 снежня 2016 г. падчас звароту да Рымскай курыі з нагоды Божага Нараджэння, а таксама адзначыў іх важнасць для працы Рады. У сувязі з нядаўнімі падзеямі кардыналы выказалі поўную падтрымку дзейнасці Святога Айца, яго асобе і навучанню, нагадалі 15 лютага 2017 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

У ходзе пасяджэння гаворка ішла галоўным чынам пра Кангрэгацыі (Евангелізацыі Народаў, па справах Усходніх Касцёлаў) і Папскую раду па міжрэлігійным дыялогу. Кардыналы пачалі абмяркоўваць пытанне “дыяканіі справядлівасці” і таму значная частка дыскусій была прысвечана судовым ватыканскім структурам: Апостальскай Пэнітэнцыярыі, Найвышэйшаму Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры і Трыбуналу Рымскай Роты. Абмяркоўваўся таксама працэс выбару кандыдытаў на біскупскае служэнне.

Прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, кардынал Джордж Пэл распавёў пра працу, што вядзецца ў сферы поўнага ажыцяўлення эканамічнай рэформы, якой жадае Пантыфік, з асаблівай увагай на фармаванне персаналу і чалавечыя рэсурсы. 

У сваю чаргу прэфект Сакратарыяту па камунікацыі кс. Дарыё Вігано прадставіў справаздачу аб ажыцяўленні рэформы ў сферы камунікацыі Апостальскай Сталіцы, у прыватнасці аб уключэнні Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра ў дыкастэрыю, якую ён узначальвае. Пачаліся працоўныя сустрэчы з Дзяржсакратарыятам, Сакратарыятам па эканамічных пытаннях, Адміністрацыяй маёмасці Апостальскай Сталіцы і Кадравай службай Святога Пасаду, з мэтай суправаджэння гэтага этапу рэформы. Акрамя таго, быў прадстаўлены план рэструктурызацыі радыёхваляў і новыя прынцыпы працы ў свеце сацыяльных сетак. Абмяркоўваўся праект рэформы Ватыканскага выдавецтва.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў пройдзе 24-26 красавіка 2017 г. у Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.