2017-02-14 12:09:00

Кардынал Кох аб новых шляхах экуменічнага дыялогу


“Сустрэча ў Гаване была прынята ва ўсім свеце, як знак надзеі ў гістарычны момант, азмрочаны шматлікімі канфліктамі”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падчас канферэнцыі, якая прайшла 12 лютага 2017 г. у швейцарскім Фрыбургу з нагоды першай гадавіны сустрэчы папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага Кірыла на Кубе. Скарочаны тэкст прамовы кардынала Курта Коха 14 лютага быў апублікаваны ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

“Канешне, у Расіі Патрыярх падвергнуўся крытыцы ў некаторых царкоўных асяродках за гэты крок, зроблены ў кірунку Каталіцкага Касцёла. Гэтыя напады дазволілі лепш зразумець, асабліва на Захадзе, аб наколькі мужным жэсце з боку прадстаяцеля Рускай Царквы ідзе гаворка”, - заўважыў іерарх. 

Ён падкрэсліў таксама, што “як і для кожнай гістарычнай падзеі, безумоўна патрэбны час, каб сустрэча ў Гаване і сумесная дэкларацыя”, падпісаная прадстаяцелямі, маглі прынесці плады. Пурпурат вылучыў тры магчымыя напрамкі, якія можна далучыць да душпастырскага экуменізму, засведчанага ў гэтым дакуменце: экуменізм святых, культурны экуменізм і экуменізм сумеснай дзейнасці. 

Кардынал Кох заўважыў, што адным з плёнаў гаванскай сустрэчы стала ўмацаванне братэрскіх адносін паміж Цэрквамі. Ён нагадаў пра ўзаемнае прызнанне “агульнай духоўнай Традыцыі першага тысячагоддзя хрысціянства”, пацверджанае дэкларацыяй, і абмен рэліквіямі і іконамі некаторых святых, які меў месца на працягу мінулага году паміж Папам і Патрыярхам. 

Паводле іерарха, паглыбленне экуменізму святых, асабліва праз абмен рэліквіямі і іконамі, якія маглі б быць прапанаваны для ўшанавання вернікамі, магло б надаць збліжэнню паміж Цэрквамі “больш народнае”, “душпастырскае” вымярэнне. 

Яшчэ больш мужным учынкам сталі бы крокі ў напрамку ўзаемнага прызнання некаторых святых, лічыць кардынал Кох. Ён нагадаў, што ў 2015 г. быў абвешчаны Доктарам Касцёла св. Грыгорый з Нарэка, які жыў ужо пасля падзелу паміж Каталіцкім Касцёлам і Армянскай Апостальскай Царквой. “Святыя нашых Цэркваў, ужо паяднаныя ў небе, з’яўляюцца нашымі правадырамі і лепшымі заступнікамі ў рэалізацыі адзінства паміж намі”, - сказаў іерарх.

Кардынал Кох адзначыў важнасць развіцця культурнага экуменізму, бо знаёмства з культурай іншага можа дазволіць католікам і праваслаўным зразумець, што нягледзячы на культурныя адметнасці, яны “падзяляюць тую ж самую веру, выражаную рознымі спосабамі, згодна з асаблівым геніем кожнага народу і кожнай традыцыі”. У гэтым кантэксце ён высока ацаніў абмен дэлегацыямі маладых святароў, які адбываўся на працягу мінулага году паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой.

Гаворачы пра адкрытыя сумеснай дэкларацыяй Папы і Патрыярха перспектывы для практычнага экуменізму, ватыканскі іерарх адзначыў, што ён можа тычыцца пытання хрысціян Блізкага Усходу, рэлігійнай свабоды, салідарнасці з беднымі, сем’ямі і моладзю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.