2017-02-10 12:55:00

Святы Пасад: аб’яднацца ў барацьбе з гандлем органамі


Супольная дэкларацыя, якая ўтрымлівае шэраг прадпісанняў “па супрацьстаянні нелегальнай і амаральнай практыцы гандлю органаў”, была падпісана ўдзельнікамі міжнароднай канферэнцыі на тэму “Гандль органамі і трансплантацыйны турызм”, якая прайшла 7-8 лютага 2017 г. у штаб-кватэры Папскай акадэміі навук у Ватыкане.

Беднасць, беспрацоўе і недахоп сацыяльна-эканамічных магчымасцей разглядаюцца аўтарамі дакумента ў якасці асноўных фактараў, якія робяць чалавека слабым перад пагрозай гандлю органамі або штурхаюць яго да трансплантанцыйнага турызму. Названыя злачынствы “супярэчаць Павестцы дня ААН на перыяд да 2030 у сферы ўстойлівага развіцця”, гаворыцца ў Дэкларацыі.

Прызнаючы істотны ўнёсак міжнароднай грамадскасці ў барацьбу з гандлем органамі і трансплантацыйным турызмам, які ўвасобіўся ў шэрагу адпаведных пратаколаў і канвенцый, прынятых на ўзроўні ААН і Савета Еўропы, удзельнікі ватыканскага форуму выказалі спадзяванне, што і распрацаваная імі Дэкларацыя будзе падтрымана і рэалізавана ўладамі дзяржаў, міністэрствамі аховы здароўя, судовымі органамі, рэлігійнымі лідэрамі і прафесійнымі медыцынскімі ўстановамі.

Дакумент, у прыватнасці, заклікае прызнаць гандаль людзьмі з мэтай прымусовага донарства і гандаль чалавечымі органамі “злачынствамі, якія павінны паўсюдна асуджвацца і пераследавацца законам”. Гучыць заклік да рэлігійных дзеячаў, заахвочваць і спрыяць пашырэнню этычнага донарства.

На кіраўніцтвы дзяржаў ускладаюцца абавязкі па забеспячэнні “самадастатковасці донарскай сферы на нацыянальным узроўні”, галоўным чынам, праз рэалізацыю прэвентыўных мер, якія б вялі да памяншэння колькасці патрабуючых трансплантацыі. Падкрэсліваецца неабходнасць забяспечыць на заканадаўчым узроўні меры па абароне асоб, якія сталі ахвярамі гандлю органамі.

Дэкларацыя прапануе весці нацыянальныя рэгістры ўліку донарства і трансплантацыі і арганізаваць абмен адпаведнай інфармацыяй паміж краінамі. Гучыць заклік да адказных асоб, страхавых кампаній і дабрачынных арганізацый адмовіцца ад аплаты нелегальных трансплантацыйных працэдур. Нарэшце, дакумент запрашае Сусветную арганізацыю аховы здароўя, Савет Еўропы, структуры ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі да супрацоўніцтва ў барацьбе з гандлем органамі і трансплантацыйным турызмам.








All the contents on this site are copyrighted ©.