2017-02-10 12:12:00

Пантыфік: у спакусе – маліцца, а не весці дыялог з д’яблам


Калі мы адчуваем спакусу, трэба маліцца, а не весці дыялог з д’яблам, сказаў Папа 10 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на сённяшняе першае літургічнае чытанне з Кнігі Быцця (Быц 3, 1-8), у якім утрымліваецца апісанне першароднага граху. Затым Францішак спаслаўся на евангельскае апісанне спакушэння Езуса ў пустыні.

Пантыфік адзначыў, што д’ябал, што з’яўляецца ў выглядзе змея, уяўляецца некім прывабным, у сваім каварстве імкнецца падмануць чалавека, і ў гэтым бацька хлусні – спецыяліст. Ён ведае, як падмануць людзей. Еве ён робіць кампліменты і ад гэтага пачынае дыялог, які развіваецца крок за крокам. Сатана вядзе яе туды, куды ён хоча. Але ў выпадку з Езусам церпіць няўдачу: спрабуе ўсталяваць дыялог, але Езус дае адказ, які з’яўляецца не яго ўласнымі словамі, але Словам Божым, бо з д’яблам не можна весці размовы, таму што можна скончыць як Адам і Ева.

“Д’ябал плаціць дрэнна, гэта махляр! Абяцае ўсё, а застаўляе цябе абабраным да ніткі. І Езус скончыў сваё жыццё голым, але на крыжы, будучы паслухмяным Айцу; Ён пайшоў іншым шляхам. Змей, д’ябал хітры: з ім не можна весці размовы. Мы ўсе ведаем, што такое спакусы, бо ўсе мы іх перажываем. Ёсць шмат спакус: марнасці, пыхі, прагнасці, сквапнасці... шмат”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што цяпер часта гаворыцца аб карупцыі. Многія з гэтых вялікіх пачыналі ад дробных рэчаў, дробных крадзяжоў, якія, як і ў выпадку Евы, здаецца, нікому не наносяць шкоды, але паступова ішлі глыбей і глыбей у бок граху і карупцыі. І Касцёл вучыць нас не быць наіўнымі, мець расплюшчаныя вочы, прасіць Бога аб дапамозе, таму што ніхто сам не можа справіцца са спакусай. Папа заўважыў, што Адам і Ева пасля першароднага граху схаваліся ад Бога. Між тым, мы маем патрэбу ў ласцы Езуса, каб вярнуцца і папрасіць прабачэння.

“Калі мы адчуваем спакусу, не можна весці дыялогу, трэба маліцца: “Дапамажы, Пане, я слабы. Я не хачу хавацца ад цябе”. Гэта мужнасць, гэта перамога. Калі ты пачнеш размаўляць з спакуснікам, у рэшце рэшт будзеш пераможаны. Няхай Бог дасць нам ласку і суправаджае нас у нашай мужнасці. А калі мы будзем ашуканы з-за нашай слабасці, няхай у спакусе дасць нам мужнасць устаць і рухацца наперад. Менавіта для гэтага прыйшоў Езус”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.