2017-02-09 15:20:00

Францішак: патрэбна гуманізацыя адукацыі


Каталіцкія навучальныя ўстановы пакліканы дапамагаць моладзі ўзрастаць у гуманізме, дыялогу і надзеі, адзначыў Францішак 9 лютага 2017 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.

У сваёй прамове Папа заўважыў, што “перад абліччам навязлівага індывідуалізму, які робіць людзей па-чалавечы беднымі і культурна бясплоднымі”, існуе патрэба ў “гуманізацыі адукацыі”. Школы і ўніверсітэты маюць рацыю існавання толькі тады, калі спрыяюць выхаванню асобы. Такім чынам, выкладчыкі павінны дапамагчы маладым людзям станавіцца будаўнікамі больш салідарнага і мірнага свету, а таксама адкрыцца на трасцэндэнтнасць, лічыць Францішак. 

Святы Айцец заклікаў каталіцкія адукацыйныя структуры рыхтаваць моладзь да сустрэчы з прадстаўнікамі іншых культур і сведапоглядаў, да належнай ацэнкі культурнай і рэлігійнай разнастайнасці. Школы і ўніверсітэты пакліканы вучыць метаду інтэлектуальнага дыялогу, накіраванага на пошук праўды.

Францішак пажадаў таксама, каб каталіцкія навучальныя ўстановы “сеялі надзею”. Ён нагадаў, што юнакі і дзяўчаты шукаюць прыгажосці, дабра і праўды; яны патрабуюць, каб іх слухалі. “Каталіцкія школы і ўніверсітэты робяць вялікі ўнёсак у місію Касцёла, калі служаць развіццю ў гуманізме, дыялогу і надзеі”, - падкрэсліў Святы Айцец на заканчэнне сваёй прамовы.

Каталіцкая сістэма адукацыі з’яўляецца самай разгалінаванай у свеце. Яна налічвае каля 250 тыс. навучальных устаноў, у якіх атрымлівае адукацыю каля 42 млн. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.