2017-02-09 12:13:00

Францішак: каталіцкі часопіс павінен мець позірк Езуса


Папа Францішак прыняў у Ватыкане 9 лютага 2017 г. рэдакцыю італьянскага езуіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”. Аўдыенцыя была прымеркавана да выйсця 4000-га нумару выдання. Ёй папярэднічала прыватная размова Святога Айца з галоўным рэдактарам кс. Антоніа Спадара і генеральным настаяцелем Ордэна езуітаў кс. Артура Соза. 

У сваёй прамове Пантыфік нагадаў, што “La Civiltà Cattolica” мае доўгую гісторыю і “мужна працягвае сваё плаванне ў адкрытым моры”. “Католік не павінен баяцца адкрытага мора, не павіннен шукаць прытулку ў надзейных портах”, - сказаў ён. 

Францішак высока ацаніў з’яўленне версій часопіса на іспанскай, англійскай, французскай і карэйскай мовах. Ён таксама заўважыў, што Дзяржсакратарыят рассылае новыя нумары выдання ва ўсе нунцыятуры свету, спрыяючы яго місіі па-сапраўднаму “каталіцкага” часопіса.

“Быць каталіцкім часопісам, не значыць проста бараніць каталіцкія ідэі, нібыта каталіцтва гэта адна з філасофій. Як пісаў ваш заснавальнік, а. Карла Марыя Курчы, “La Civiltà Cattolica” не павінна “здавацца нечым з сакрытый”. Па-сапраўднаму “каталіцкім” часопіс з’яўляецца тады, калі мае позірк Хрыста на свет, калі абвяшчае Яго і сведчыць аб Ім”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец пажадаў, каб аўтары выдання не баяліся знаходзіцца ў пошуку. “Хрысціянскія каштоўнасці і традыцыі не з’яўляюцца рэдкімі кавалкамі, якія павінны быць закрыты ў музейных сховішчах. Упэўненасць веры павінна быць рухавіком вашых шуканняў”, - сказаў ён.

Прыкладам такога стаўлення, паводле Папы, з’яўляецца св. Пьер Фаўр, які меў вялікія жаданні, неспакойны дух і прадэманстраваў, што “сапраўдная вера заўсёды прадугледжвае глыбокае жаданне змяніць свет”.

Пантыфік заклікаў аўтараў “La Civiltà Cattolica” быць людзьмі гатовымі прымаць тое, чым Бог здзіўляе, бо толькі так “можна перамагчы крызіс і зразумець куды ідзе свет, як вырашаюцца самыя складаныя і тэрміновыя крызісы, геапалітыка, эканамічныя выклікі і цяжкі гуманітарны крызіс, звязаны з драмай міграцыі – сапраўдны вузел глабальнай палітыкі ў нашыя дні”, - сказаў ён.

Як місіянер св. Матэа Рычы пазнаёміў кітайцаў з навакольным светам, таксама і журналісты пакліканы, “праз свае артыкулы скласці “карту свету”: паказаць нядаўнія адкрыцці, даць імёны месцам, пазнаёміць са значэннем каталіцкай “цывілізацыі”, а таксама распавесці католікам, што Бог дзейнічае і за рамкамі Касцёла, у кожнай сапраўднай “цывілізацыі”, праз подых свайго Духа”, лічыць Францішак.

Важнай таксама з’яўляецца здольнасць уяўлення. Папа паставіў у прыклад італьянскага мастака Андрэа Дэль Поца, які дзякуючы свайму ўяўленню стварыў адкрытыя прасторы, купалы і калідоры, там дзе былі толькі сцены і муры.

Францішак пажадаў, каб на старонках “La Civiltà Cattolica” было месца для артыкулаў аб мастацтве, літаратуры, кіно, тэатры і музыцы. Геніяльнасць мастакоў, паводле яго слоў, дапамагае зразумець, што жыццё гэта не чорна-белая карціна. “Адны колеры светлыя, іншыя цёмныя, адны блеклыя, іншыя яркія. Але заўсёды дамінуюць адценні”, - сказаў Папа і заклікаў аўтараў часопіса надаць сустрэчы паміж патрэбамі чалавека і пасланнем Евангелля адпаведныя формы, таксама і новыя, як гэтага патрабуе сучасная камунікацыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.