2017-02-08 14:28:00

Святы Пасад далучыўся да Дня бяспечнага інтэрнэту


Да больш бяспечнага і больш адказнага выкарыстання анлайн-тэхналогій і мабільных прыладаў, перш за ўсё сярод дзяцей і моладзі, заклікаў кс. Дарыё Вігано, прэфект ватыканскага Сакратарыята па камунікацыі, з нагоды Сусветнага дня бяспечнага інтэрнэту.

“Феномен кіберзапалохвання, які пашыраецца ў свеце, патрабуе ўсё большай і большай дасведчанасці ў належным выкарыстанні новых лічбавых СМІ, з асаблівай увагай да свету сацыяльных сетак. Не толькі барацьба, але і прадухіленне гэтай з’явы мае фундаментальнае значэнне і патрабуе сумесных намаганняў некалькіх актараў: бацькоў, школы, мас-медыя”, - заявіў святар. Ён дадаў, што свядомае карыстанне анлайн-тэхналогіямі з’яўляецца пытаннем, якое павінна адыгрываць першарадную па важнасці ролю як для тых, хто ўпершыню сутыкаецца з інтэрнэтам, напрыклад, для дзяцей, так і для дарослых. 

Сусветны дзень бяспечнага Інтэрнэту (Safer Internet Day) адзначаецца ў другі дзень другога тыдня другога месяца года. У 2017 г. ён прыпадае на 7 лютага. Свята было заснавана ў 2004 г. у рамках праграмы Еўракамісіі “Бяспечны інтэрнэт”. Яго мэта – пашырэнне больш бяспечнага і больш адказнага выкарыстання анлайн-тэхналогій.

На працягу некалькіх гадоў Дзень бяспечнага інтэрнэту перакрочыў першапачатковыя еўрапейскія рамкі і стаў сапраўды міжнародным святам, які адзначаецца на пяці кантынентах у 130 краінах. Мерапрыемствы Дня праходзяць пад рознымі дэвізамі. Сёлета ён гучыць: “Стань рухавіком зменаў! Аб’яднайся з іншымі дзеля бяспечнага інтэрнэту!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.