2017-02-07 13:17:00

Францішак: Бог даў людзям сваё ДНК


Бог адарыў чалавека тоеснасцю, зямлёй, на якой можна працягваць справу стварэння, і любоўю, якая злучае мужчыну і жанчыну, нагадаў папа Францішак 7 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі з Ватыкане. Менавіта гэтым тром дарам Святы Айцец прысвяціў сваю гамілію.

У першую чаргу Папа заўважыў, што Бог адарыў людзей тоеснасцю, своеасаблівым ДНК сваіх дзяцей, ствараючы іх на свой вобраз і падабенства. Гэтага іх ніхто і нішто пазбавіць не можа, а Бог, як і кожны айцец, ганарыцца, калі яго дзеці робяць добрыя ўчынкі, і прабачае іх, калі дапускаюць зло.

Другім Божым дарам для чалавека з’яўляецца зямля. Францішак назваў яго “дарам-заданнем”, бо зямля даверана чалавеку, каб бараніў яе сваёй працай, а не нішчыў. Пантыфік падкрэсліў, што чалавек пакліканы гаспадарыць над зямлёй, а не рабіць яе сваёй “рабыняй”. Як Бог працаваў, ствараючы свет, так і людзям Ён даў магчымасць працаваць, працягваючы гэтым Яго справу. 

Яшчэ адным Божым дарам для людзей з’яўляецца любоў, пачынаючы з той, якая злучае мужчыну і жанчыну. Францішак заўважыў, што Бог, Які сам з’яўляецца Любоўю, адарае любоўю людзей.

Святы Айцец заклікаў вернікаў дзякаваць Пану за гэтыя тры дары. “Папросім аб ласцы, каб мы маглі бараніць нашу тоеснасць Божых дзяцей, каб працавалі над атрыманым дарам і праз нашу працу развівалі яго, а таксама аб здольнасці любіць з кожным днём усё мацней і мацней”, - завяршыў сваю гамілію Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.