2017-02-07 13:21:00

Святы Пасад у ААН: барацьба з галечай – працэс бесперапынны


Ліквідацыя галечы з’яўляецца найвялікшай глабальнай задачай і неабходнай умовай устойлівага развіцця, заявіў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН падчас 55-й сесіі Камісіі па сацыяльным развіцці. Арцыбіскуп Бернардзіта Аўса нагадаў, што выкараненне галечы цесна звязана з барацьбой з няроўнасцю ўнутры краін, абаронай планеты, садзейнічаннем сацыяльнай інтэграцыі і пабудовай мірнага грамадства. Іерарх спаслаўся на словы папы Францішка, які ў звароце да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, прызнаў, што грамадзянскі прагрэс у спалучэнні з эканамічным развіццём, гэта адзіны шлях да міру.

Для многіх у наш час мір застаецца толькі далёкай марай, з жалем заўважыў ватыканскі дыпламат, мільёны людзей жывуць на фоне канфліктаў, якія падсілкоўваюцца бессэнсоўным насіллем, нянавісцю і страхам. Гэта адбываецца нават у месцах, якія зусім нядаўна лічыліся бяспечнымі. Сённяшні свет, што жыве ў адсутнасці магчымасцяў, эканамічнай і сацыяльнай дэфармацыі, выкліканых глабальнай неабароненасцю і вымушанай міграцыяй,  мае вострую патрэбу ў канкрэтных прыкметах надзеі, падкрэсліў арцыбіскуп Аўса.

“Войны і канфлікты з’яўляюцца асноўнымі прычынамі вымушанай міграцыі і масавага перасоўвання насельніцтва. Такім чынам, імкненне пакласці канец гвалтоўным канфліктам павінна стаць нашым прыярытэтам, калі мы хочам выкараніць галечу і пабудаваць трывалы мір”, - сказаў іерарх і заўважыў, што гэта тычыцца не толькі эканамічнай, але і сацыяльнай і духоўнай галечы. 

Пастаянны прадстаўнік у ААН агучыў меркаванне Святога Пасаду, што ў першую чаргу, падтрымкі патрабуюць моладыя людзі. Ім трэба гарантаваць адукацыю, рабочыя месцы, магчымасці для асобаснага росту і месца ў грамадстве. Калі малады чалавек будзе ведаць, што яго шануюць, ён ніколі не стане ахвярай экстрэмісцкіх ідэалогій. 

Акрамя таго, трэба знайсці спосабы задавальнення патрэбаў найбольш маргіналізаваных асоб у грамадстве, такіх, як пажылыя людзі, якія не толькі некалі спрыялі эканамічнаму дабрабыту грамадства, але і зараз працягваюць прыносіць карысць сваім досведам і ведамі. Тут вырашальнае значэнне мае таксама канкрэтная падтрымка сям’і з боку дзяржавы. 

І, нарэшце, устойлівае развіццё павінна ахопліваць мігрантаў і бежанцаў. Трэба не толькі паважаць права кожнага чалавека на міграцыю, але і рабіць інвестыцыі, якія забяспечаць поўную інтэграцыю гэтых асоб у грамадства, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат і падсумаваў, што перамога над галечай ніколі не будзе дасягнута раз і назаўсёды – гэты працэс патрабуе бесперапынных намаганняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.