2017-02-07 15:44:00

Пра сустрэчу Францішка і Трампа казаць пакуль рана


Святы Пасад назваў інфармацыю пра магчымую сустрэчу папы Францішка з Дональдам Трампам у канцы мая “заўчаснай”. Плануецца, што амерыканскі Прэзідэнт прыбудзе ў Італію з нагоды сустрэчы “G7”. Да гэтага часу Трамп толькі пацвердзіў, што ён паедзе на саміт на Сіцылію. Пакуль нічога не вядома пра візіт у Рым, сказаў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк.

Францішак накіраваў Дональду Трампу віншавальнае пасланне з нагоды інаўгурацыі, у якой заклікаў да міжнароднага супрацоўніцтва. У нядаўнім інтэрв’ю іспанскай “El País”, Святы Айцец адзначыў, што запалохванне Трампам або, наадварот, радасць з прычыны яго абрання, заўчасныя. Пантыфік прапанаваў паглядзець, што палітык зробіць на самой справе, а потым рабіць высновы.

Папярэднік цяперашняга кіраўніка ЗША, Барак Абама наведваў Ватыкан двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. тут яго прымаў ужо Францішак. Трэба нагадаць, што цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты.

Цікава, што дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Псадам па гістарычных мерках налічваюць не так шмат часу – крыху больш за тры дзесяцігоддзі. Яны былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Па ўспамінах амерыканскага пасла пры Святым Пасадзе Уільяма Вільсана, перамовы на гэтую тэму ўступілі ў рашаючую фазу пасля сустрэчы прэзідэнта Рэйгана з Янам Паўлам II. Было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым “раўналежныя” прынцыпам Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.