2017-02-04 13:18:00

Францішак прызначыў дэлегата пры Мальтыйскім Ордэне


Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Анджэла Бэчу, субстытута Святога Пасаду, сваім спецыяльным дэлегатам пры Суверэнным Ваенным Мальтыйскім Ордэне. Намінацыя будзе дзейнічаць да завяршэння Надзвычайнага капітула Ордэна, на якім будзе выбраны новы Вялікі Магістр. 4 лютага 2017 г. з’явіўся адмысловы ліст Пантыфік.

У дакуменце адзначаецца, што спецыяльны дэлегат будзе дзейнічаць у блізкім супрацоўніцтве з Людвігам Гофманам фон Румерштайнам, Часовым Намеснікам Ордэна, на карысць “прымірэння паміж усімі яго кампанентамі, кансэкраванымі і свецкімі”. 

Францішак даручыў арцыбіскупу Бэчу аказваць дапамогу ў падтрыхтоўцы Надзвычайнага капітута, прымаць удзел у вывучэнні магчымасцяў дапаўнення Канстытуцыі Ордэна і яго Кодэксу, а таксама клапаціцца пра ўсё, што тычыцца духоўнага і маральнага абнаўлення Ордэна, асабліва яго кансэкраваных членаў, каб цалкам рэалізавалася мэта: “спрыяць Божай хвале праз асвячэнне членаў, служэнне веры і Святому Айцу, дапамога бліжняму”.

“Да завяршэння свайго мандату, гэта значыць да заканчэння Надзвычайнага капітула, на якім будзе выбраны Вялікі Магістр, Вы будзеце маім выключным прадстаўніком ва ўсім, што тычыцца адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Ордэнам. Таму я дэлегую Вам усе неабходныя паўнамоцтвы для вырашэння магчымых пытанняў, якія могуць узнікнуць у парадку выканання даручанага Вам мандату”, - напісаў Папа. 

28 студзеня 2017 г. Рада Ордэну прыняла адстаўку Вялікага Магістра Мэцью Фэсцінга, і прызначыла Часовым Намеснікам Вялікага Камандора Людвіга Гофмана фон Румерштайна. 

Гэтаму папярэднічаў крызіс, які ўзнік па прычыне вызвалення ад пасады Вялікага Канцлера Мальтыйскага Ордэна Альбрэхта Фрайхера фон Бёзэлагера. Дадзенае рашэнне выклікала заклапочанасць Святога Пасаду і стварэнне спецыяльнай ватыканскай камісіі па высвятленні прычын сітуацыі. Пасля заканчэння расследавання Альбрэхт Фрайхер фон Бёзэлагер быў адноўлены на сваёй пасадзе. 

Падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Рыме, Вялікі Канцлер падкрэсліў, што Ордэн удзячны Святому Айцу за хуткае вырашэнне крызісу, якое было здзейснена без парушэння суверэнітэту Ордэна, паколькі ўмяшальніцтва Апостальскай Сталіцы тычылася яго рэлігійнага, а не дзяржаўнага вымярэння, а яго мэтай было ўмацаванне місіі Ордэна, а не яе аслабленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.