2017-02-04 11:38:00

Святы Пасад: недахоп сакральнай музыкі высокага ўзроўню


Існуе недахоп сакральнай музыкі высокага ўзроўню. Менавіта ў гэтай сферы Касцёл павінен больш клапаціцца пра дыялог паміж верай і культурай, заўважыў 3 лютага 2017 г. кардынал Джанфранка Равазі. Старшыня Папскай рады па культуры сустрэўся з журналістамі ў рамках прэзентацыі канферэнцыі аб сакральнай музыцы ў Касцёле, якая пройдзе 2-4 сакавіка ў Рыме. Нагодай для яе правядзення стане 50-годдзе паслясаборнай інструкцыі “Musicam Sacram”. 

Ватыканскі іерарх адзначыў, што рэлігія працягвае натхняць кампазітараў. У дыкастэрыю, якую ён узначальвае, рэгулярна дасылаюцца новыя партытуры. Аднак, у новых творах часта не хапае раўнавагі, пра якую казаў Бах, калі сцвярджаў, што музыка павінна быць найвышэйшым выразам хвалы Бога, а ў той жа час, несці радасць і суцяшэнне душы.

“Гэта вельмі важная заўвага Баха, якой, аднак, вельмі часта грэбуюць у сучаснай культуры. Часта бярэцца пад увагу выключна духоўны аспект і праслаўленне Бога або, наадварот, кампазітары клапоцяцца толькі пра тэхнічную якасць і культурны ўзровень твораў. Такім чынам, узнікае музыка, якая хоць і з’яўляецца рэлігійнай і можа нават літургічнай, але па-сутнасці адносіцца да канцэртнай”, - сказаў пурпурат.

Кардынал Равазі заўважыў, што ў сакральнай музыцы павінны спалучацца два гэтыя аспекты: высокая эстэтычная якасць і трасцэндэнтнае вымярэненне, здольнасць набліжаць да Бога.

Канферэнцыя з нагоды 50-годдзя інструкцыі “Musicam Sacram” будзе мець экуменічны характар. Старшыня Папскай рады па культуры адзначыў важнасць знаёмства з лютэранскай музычнай традыцыяй, якая, паводле яго, з’яўляецца вельмі развітай. Ён нагадаў, што ў выніку забароны Лютэрам выкарыстання абразоў, музыка для пратэстантаў стала галоўным элементам культу.








All the contents on this site are copyrighted ©.