2017-02-03 15:29:00

Папа размежаваў сферы нагляду за Ватыканскім банкам


Камісія кардыналаў па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў працягвае выконваць свае функцыі, удакладнілі 3 лютага 2017 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

“Святы Айцец пажадаў умацаваць ролю Камісіі кардыналаў у якасці асобнай і аддзеленай ад Назіральнай рады структуры, што прадугледжана статутам Інстытута. Папа Францішак выказаў пажаданне, каб пачынаючы з гэтага году, сустрэчы Рады адбываліся асобна ад пасяджэнняў Камісіі, падкрэсліваючы такім чынам іх розныя функцыі”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Святога Пасаду.

Камісію кардыналаў па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў узнавальвае іспанскі кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэльё. У яе склад уваходзіць шэсць іерархаў: аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Вены; канадскі кардынал Томас Крыстафер Колінз, арцыбіскуп Таронта; французскі кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, італьянскі кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, а таксама арцыбіскуп Заграба Ёсіп Базаніч.

Члены гэтай структуры прызначаюцца Святым Айцом на пяцігадовы тэрмін. Яна займаецца агульнай стратэгіяй банку і кантралюе выкананне ім статутных нормаў.

Назіральную раду Інстытута рэлігійных спраў узначальвае французскі фінансіст Жан-Батыст дэ Франсю. У склад гэтай структры ўваходзяць свецкія эксперты з Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Чылі, Італіі і Іспаніі. Сакратаром структуры без права голасу з’яўляецца арцыбіскуп Альфрэд Хуэрэб.

Назіральная рада Інстытута рэлігійных спраў, паводле Статута ад 1990 г., вызначае стратэгію і ажыцяўляе кантроль за аперацыямі. Яе члены таксама займаюць пасады на працягу пяцігадовага тэрміну.








All the contents on this site are copyrighted ©.