2017-02-01 11:23:00

“Ad limina”: размова Папы з біскупамі за зачыненымі дзвярыма


З гэтага года падчас традыцыйных сустрэч з біскупамі ў рамках візітаў “аd limina Apostolorum” не будзе афіцыйных прамоў Францішка. Ён будзе размаўляць з іерархамі спантанна за зачыненымі дзвярыма. Гэта пацвердзіў у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву “Kathpress” кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк. “Больш не будзе напісаных загадзя папскіх прамоў”, - сказаў ён.

Амерыканскі журналіст адзначыў, што ў сваіх прамовах падчас “аd limina” Францішак часта крытычна выказваўся аб становішчы Каталіцкага Касцёла ў канкрэтных краінах. Не раз ён не чытаў іх, проста перадаючы біскупам тэкст, замест гэтага прамаўляў спантанна. Пісьмовы тэкст потым публікаваўся Залай Друку.

“Францішак проста аддае перавагу гутарковай манеры выказвання, калі размаўляе з біскупамі”, - сказаў Бёрк, тлумачачы частыя адступленні Папы ад тэксту раней напісаных прамоў і далейшую іх публікацыю ватыканскай прэс-службай. Ён дадаў, што не варта шукаць у кожнай змене палітычнага падтэксту, як гэта адбываецца на некаторых блогах у інтэрнэце.

Паводле традыцыі, у рамках візіту “аd limina Apostolorum” (Да апостальскіх парогаў) біскупы з усяго свету прыбываюць у Рым. Раней гэта адбывалася кожныя пяць гадоў, падчас апошніх пантыфікатаў радзей. Іерархі прадстаўляюць Святому Айцу сітуацыю ў сваіх дыяцэзіях і сустракаюцца з кіраўніцтвам розных дыкастэрый Рымскай курыі.

Апошні візіт “аd limina Apostolorum” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбыўся сем гадоў таму, 11-17 снежня 2009 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.