2017-02-01 11:59:00

Францішак: вучыцца жыць у надзеі на ўваскрашэнне


Вучыцца жыць у чаканні на сустрэчу з Богам і блізкімі, заклікаў Францішак 1 лютага 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб хрысціянскай надзеі, Папа спаслаўся на ўрывак з Першага Паслання да Тэсаланікійцаў (Тэс 5, 4-5.8-10).

Гэта Пасланне з’яўляецца самым старажытным з усяго Новага Запавету. У ім апавядаецца пра энтузіязм маладой хрысціянскай супольнасці, якая верыла ва ўваскрасенне Езуса, але мела цяжкасці з верай ва ўваскрашэнне памерлых, заўважыў Папа. Паводле яго слоў, гэты тэкст з’яўляецца выключна актуальным у сучасным кантэксце, калі “перад абліччам нашай смерці, або смерці дарагога нам чалавека, адчуваем, што наша вера падвяргаецца выпрабаванню”. 

“Усплываюць ўсе нашы сумнівы, усе нашы слабасці, і мы пытаемся: “Ці сапраўдны будзе жыццё пасля смерці...? Ці змагу яшчэ ўбачыць і абняць людзей, якіх любіў?”. Гэта пытанне мне задала адна жанчына на аўдыенцыі некалькі дзён таму. Яна спыталася: “Ці я сустрэну маіх блізкіх?”. Сумніў... Таксама і мы, у актуальным кантэксце, маем патрэбу ў тым, каб вярнуцца да каранёў і фундаментаў нашай веры, каб усвядоміць такім чынам, што Бог учыніў для нас у Езусе Хрысце, і што значыць наша смерць”, - сказаў Папа. 

Перад абліччам страху і разгубленасці тэсаланікійцаў апостал Павел заклікаў, падчас выпрабаванняў і цёмных жыццёвых момантаў адзяваць на галаву, “як шлем – надзею збаўлення”. Паводле Святога Айца, мець надзею – значыць “вучыцца жыць у чаканні і знайсці жыццё”. 

“Калі жанчына даведваецца, што стала цяжарнай, кожны дзень вучыцца жыць у чаканні таго моманту, калі ўбачыць усмешку дзіцяці, якое народзіцца... Таксама і мы павінны жыць і вучыцца ад гэтых чалавечых чаканняў, жыць у чаканні таго, што ўбачым Пана, знойдзем Пана. Гэта нялёгка, але гэтаму магчыма навучыцца. Каб спадзявацца – трэба мець пакорнае, сціплае сэрца. Толькі сціплы ўмее чакаць. Чалавек, ужо задаволены сабой і тым, што мае, не здольны давяраць нікому, апроч самога сябе”, - заўважыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што вернікі павінны маліцца за сваіх блізкіх памерлых, каб яны жылі ў Хрысце і былі ў поўнай еднасці з Ім.

“Маё сэрца вельмі кранае выраз св. Паўла, скіраваны да Тэсаланікійцаў. Ён напаўняе мяне ўпэўненасцю надзеі. Ён кажа так: “І гэтак назаўсёды будзем з Панам” (1 Тэс 4,17). Як гэта цудоўна! Усё праміне, але пасля смерці мы назаўсёды будзем з Панам. Гэта поўная ўпэўненасці надзея, тая ж, якую нашмат раней выказваў Ёў: “Я ведаю: Адкупіцель мой жыве. (...) Убачу Яго сам; вочы мае, а не іншага, убачаць Яго” (Ёв 19, 25.27). І так назаўсёды будзем з Панам. Ці верыце вы ў гэта?”, - спытаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік асаблівым чынам прывітаў прысутных у Зале Паўла VI прадстаўнікоў Сусветнага каталіцкага руху за абарону клімату. Францішак падзякаваў ім за намаганні на карысць аховы навакольнага асяроддзя і заклікаў спрыяць таму, “каб мясцовыя Касцёлы з рашучасцю адказалі на крык зямлі і вокліч бедных”.   








All the contents on this site are copyrighted ©.