2017-01-30 12:20:00

Францішак аднавіў сустрэчы з біскупамі ў рамках “аd limina”


Папа аднавіў сустрэчы з мясцовымі епіскапатамі ў рамках візітаў “аd limina Apostolorum”. Яны былі прыпынены на перыяд правядзення Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г.

30 студзеня 2017 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Міжнароднай Канферэнцыі Біскупаў імя святых Кірылы і Мятода, якая аб’ядноўвае іерархаў краін паўднёвай часткі Балкан. У яе склад уваходзяць біскупы з Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі і Косава.

Падчас візітаў “аd limina” біскупы цэлебруюць св. Імшы ў чатырох Вялікіх рымскіх базыліках: Санта-Марыя-Маджорэ, святога Пятра, святога Паўла за мурамі і святога Яна на Латэране, наведваюць ватыканскія кангрэгацыі, дзе абмяркоўваюць з іх прадстаўнікамі жыццё Касцёла ў сваіх краінах. Кульмінацыяй візітаў з’яўляецца сустрэча з Пантыфікам. Святы Айцец звяртаецца да іерархаў з пасланнем, змест якога становіцца падмуркам пастырскай праграмы Касцёла ў дадзенай краіне на найбліжэйшы час.

Апошні візіт “аd limina Apostolorum” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбыўся 11-17 снежня 2009 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.