2017-01-29 15:24:00

Папа: не можна быць шчаслівым, калі не было навяртання


Евангельскім благаслаўленням прысвяціў свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 29 студзеня 2017 г. на плошчы св. Пятра папа Францішак. Менавіта яны гучалі ў каталіцкіх храмах свету на нядзельнай Эўхарыстыі ў рамках Літургіі слова. Асаблівым чынам Пантыфік сканцэнтраваў сваю ўвагу на словах Хрыста: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. 

“Літургія гэтай нядзелі вядзе нас да разважання над Благаслаўленнямі (Мц 5,1-12a), якія адкрываюць вялікую прамову – “Нагорнае казанне” – “вялікую хартыю” Новага Запавету, - заўважыў Папа. - Езус аб’яўляе волю Бога, Які прагне прывесці людзей да шчасця. Гэта пасланне ўжо прысутнічае ў пропаведзі прарокаў: Бог блізкі да бедных і прыгнечаных, і вызваляе іх ад катаў. 

Але Езус у сваім Казанні крочыць адмысловым шляхам: пачынае са слова “благаслаўлёныя”, што значыць “шчаслівыя”; затым гаворыць аб умовах быцця імі і завяршае абяцаннем. Матывам быцця благаслаўлёным, а значыць шчаслівым, не з’яўляецца ўмова: “ўбогія духам”, “засмучаныя”, “прагнучыя справядлівасці”, “пераследаваныя”... – але абяцанне, якое гучыць далей і якое трэба прыняць як Божы дар. Мы зыходзім ад сітуацыі цяжкасці, каб адкрыць сябе для Божага дару і ўвайсці ў новы свет, “валадарства”, абвешчанае Езусам. Гэта не аўтаматычны механізм, гэта лад жыцця, шлях за Панам. І менавіта таму рэальнасць цяжкасці і смутку тут выяўляецца ў новай перспектыве і разглядаецца ў адпаведнасці з рэалізаваным навяртаннем. Не можна быць благаслаўлёным, калі не было навяртання да таго, каб шанаваць і жыць Божымі дарамі.

Я спынюся на першым благаслаўленні: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 4). Убогі духам, гэта той, хто ўзяў на сябе пачуцці і стаўленне тых бедных, якія ў сваёй сітуацыі не бунтуюцца, але ўмеюць быць пакорнымі, паслухмянымі, гатовымі прыняць Божую ласку. Шчасце ўбогіх духам мае два вымярэнні: у дачыненні да дабротаў і ў дачыненні да Бога. 

Што тычыцца матэрыяльных рэчаў, гэтая ўбогасць духам азначае стрыманасць: абавязковае не вырачэнне, а здольнасць адчуць смак сутнасці, дзялення з іншымі; здольнасць штодзённа захапляцца дабрынёй рэчаў, не абцяжарваючы сябе мутнасцю прагнага спажывецтва. У мяне ёсць шмат, я хачу больш; у мяне ёсць больш, я хачу яшчэ больш: гэта пражэрлівае спажывецтва. І яно забівае душу. І мужчына ці жанчына, якія так робяць, хто мае гэта стаўленне: “ў мяне ёсць шмат, а я хачу больш”, яны не шчаслівыя, яны ня прыйдуць да шчасця. 

У дачыненні да Бога – гэта хвала і прызнанне, што свет з’яўляецца благаслаўленнем, і што ля яго вытокаў стаіць стваральная любоў Айца. Але гэта таксама азначае адкрытасць для Яго, пакорлівасць адносна Яго валадарання: гэта Ён, Пан, Ён Вялікі, а не я вялікі, таму што ў мяне так шмат усяго! Гэта Ён, Той, хто пажадаў стварыць свет для ўсіх людзей, і пажадаў гэтага, каб людзі маглі быць шчаслівымі.

Убогім духам з’яўляецца хрысціянін, які не спадзяецца выключна на сябе, на матэрыяльныя багацці, не настойвае ўпарта на сваіх уласных меркаваннях, але слухае з павагай і ахвотна прымае рашэнні іншых. Калі б у нашых супольнасцях было больш убогіх духам, было б менш падзелаў, рознагалоссяў і спрэчак! Пакора, як і любоў, з’яўляецца адной з найважнейшых цнотаў для суіснавання ў хрысціянскіх супольнасцях. Убогія, у гэтым евангельскім сэнсе, з’ўляюцца тымі, хто падтрымлівае мэту Божага Валадарства, дазваляе заўважыць, што яго прадвеснікам з’яўляецца тое, што зараджаецца ў братэрскай супольнасці, якая прызнае першынства за дзяленнем, а не валоданнем. Я хацеў бы гэта падкрэсліць, на першае месца ставіць дзяленне, а не валоданне. Заўсёды мець сэрца і рукі такія (тут Папа зрабіў адпаведны жэст), а не такія (жэст). Калі сэрца такое (робіць жэст), яно сціснутае, не ўмее любіць. Калі сэрца такое (робіць жэст), ідзе па шляху любові.

Няхай Дзева Марыя, узор і першы плод убогіх духам, цалкам паслухмяная волі Пана, дапаможа нам даверыць сябе Богу, багатаму міласэрнасцю, каб напоўніў нас сваімі дарамі, асабліва багаццем свайго прабачэння”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік запэўніў у сваёй блізкасці жыхароў Цэнтральнай Італіі, якія да гэтага часу пакутуюць ад наступстваў землятрусаў і суровых умоў надвор’я. Ён заклікаў грамадства і ўстановы адмовіцца ад любога віду бюракратыі, якая перашкаджае ў хуткай і эфектыўнай дапамозе пацярпелым.








All the contents on this site are copyrighted ©.