2017-01-28 13:48:00

Ватыканскі дыпламат: Халакост не павінен быць забыты


Мінулае павінна служыць урокам для сучаснасці і будучыні, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе падчас свайго выступлення на пасяджэнні Пастаяннага Савета АБСЕ ў Вене, прымеркаванага да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту.

“Пакуты, страх і слёзы незлічоных ахвяр сляпой нянавісці, якія перажылі дэпартацыю і зняволенне і сустрэлі смерць у бесчалавечных і агідных месцах, ніколі не павіны быць забыты”, - сказаў кс. прэлат Януш Урбанчык. Жудасныя пакуты ахвяр Халакосту выяўляюць “абсалютнае зневажанне годнасці кожнай асобы", падкрэсліў ён.

Таму асабліва важна, на думку ватыканскага прадстаўніка, цаніць намаганні тых людзей, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, імкнуцца абараніць ахвяр пераследу, “трываючы ва ўмовах смертаноснага шаленства, якое іх акружае”.

Ватыканскі дыпламат выкарыстаў трапны выраз пісьменніка Элі Візэля, былога вязня нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, які заклікаў да “пералівання памяці”, каб не паўтараць памылак мінулага.

“Апостальская Сталіца надае вялікае значэнне адукацыі, асабліва ў школах, для асуджэння антысемітызму і непрымальнай пазіцыі ў адносінах да Халакосту”, - працягнуў кс. прэлат. Ён заклікаў міжнародную супольнасць жыць, зыходзячы з прынцыпаў “міру, справядлівасці, салідарнасці і паяднання”, бо, як заўважыў аднойчы папа Францішак, “жорсткасць не скончылася на Аўшвіц і Біркенаў”. На заканчэнне кс. Урбанчык паўтарыў пажаданне Святога Айца, выказанае ім падчас паездкі ў Тэль-Авіў у 2015 г., “каб адчужэнне і сутыкненні саступілі месца інклюзіўнасці і сустрэчы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.