2017-01-27 13:21:00

Святы Пасад выступае за этычнасць у пытаннях донарства


Да этычнасці ва ўсіх справах, якія датычаць донарства крыві і выкарыстання медыцынскіх прэпаратаў чалавечага паходжання заклікаў Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе 27 студзеня 2017 г. падчас сустрэчы выканаўчага камітэта Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч даў станоўчую ацэнку прапанаваным да абмеркавання “Палажэнням для ўсеагульнага пагаднення па пытаннях донарства і размеркавання крыві, кампанентаў крыві і медыцынскіх прэпаратаў чалавечага паходжання”, бо дакумент ставіць у цэнтры чалавечую годнасць донара і заклікае да высокіх этычных стандартаў ва ўсіх пытаннях, якія датычаць здароўя і бяспекі зацікаўленых асоб.

Іерарх заклікаў да ўсведамлення несправядлівасці, якая пануе ў пытаннях размеркавання і доступу да медыцынскіх прэпаратаў чалавечага паходжання. Па яго словах, гэтае пытанне патрабуе вялікай прадбачлівасці, каб пазбегнуць эксплуатацыі людзей, іх прымусу да донарства ці выкарыстання ў якасці ахвяр гандлю чалавечымі органамі. Арцыбіскуп Юркавіч дадаў, што, беручы пад увагу актуальнасць і маштабы акрэсленай праблемы, Папская Акадэмія Навук ініцыявала правядзенне ў Ватыкане 7-8 лютага 2017 г. саміта на тэму праблем гандлю чалавечымі органамі і так званага “трансплантацыйнага турызму”. 

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў кіраўніцтва дзяржаў узяць на сябе адказнасць за пашырэнне адпаведных этычных нормаў ва ўсіх медыцынскіх пытаннях, якія прадугледжваюць донарства органаў і крыві, забяспечыць канфедынцыйнасць адпаведных працэдур, падтрымліваць высокі ўзровень аказання медыцынскіх паслуг. Іерарх перасцярог ад кіравання “камерцыйнай логікай” у акрэсленых пытаннях. Ацыбіскуп Юркавіч пажадаў, каб Палажэнні ўтрымлівалі заахвочванне да “адказнасці любові і міласэрнасці”, якую здзяйсняе асоба, прыносячы асабістае жыццё ў дар іншаму чалавеку.








All the contents on this site are copyrighted ©.