2017-01-26 11:07:00

Святы Айцец: хрысціяне пакліканы вучыцца адзін ад аднаго


Хрысціяне пакліканы вучыцца адзін ад аднаго і не дазваляць ранам мінулага паралізаваць сябе, адзначыў Францішак падчас экуменічнай малітвы Нешпараў з нагоды завяршэння Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Яна прайшла вечарам 25 студзеня 2017 г. у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі.

У сваім казанні Святы Айцец заўважыў, што прымірэнне – гэта не толькі вынік намаганняў людзей. У першую чаргу, гэта “бескарыслівы Божы дар”, які робіць усіх, хто прымае прабачэнне і любоў Пана, сведкамі “прыміранага жыцця”.

Францішак пагадзіўся, што, пасля стагоддзяў падзелаў, паяднанне паміж хрысціянамі з’яўляецца нялёгкім. Гэты шлях патрабуе ахвярнасці, выйсця з усіх форм ізаляцыі, перамогі над спакусай самаадчужэння, якая перашкаджае прыняць тое, што Святы Дух здзяйсняе за межамі ўласнай супольнасці. 

“Сапраўднае прымірэнне паміж хрысціянамі можа наступіць, калі здолеем узаемна распазнаваць дары іншых, а таксама, у пакоры і паслухмянасці, вучыцца адзін ад аднаго, не чакаючы, пакуль спачатку іншыя навучацца ад нас”, - сказаў Папа. 

Паводле яго, хрысціянам важна пакінуць у мінулым “стары лад жыцця”, каб увасці ў “новую форму існавання і камуніі”, хоць позірк назад неабходны, каб ачысціць памяць. “Дазволім Таму, Які ўсё абнаўляе, скіраваць нас да новай будучыні, адкрытай на надзею, якая не расчаруе; будучыні, у якой падзелы можна будзе пераадолець, а вернікі, абноўленыя ў любові, будуць цалкам і бачна паяднанымі”, - пажадаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вызнаўцаў розных канфесій умацоўвацца прыкладам шматлікіх хрысціянскіх мучанікаў мінулага і сучаснасці, а таксама выкарыстоўваць усе магчымасці для збліжэння паміж сабой, асабліва малітву, прапаведванне і служэнне бедным.

У сёлетнім экуменічным набажэнстве прынялі ўдзел дэлегаты розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, у тым ліку: прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхата, Мітрапаліт Італьянскі Генадзій, а таксама прадстаўнік Архіепіскапа Кентэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы і кіраўнік Англіканскага цэнтра ў Рыме, епіскап Дэвід Моксан.








All the contents on this site are copyrighted ©.