2017-01-25 11:16:00

У Рыме пахавалі асабістага ўрача Яна Паўла II


У Рыме прайшло пахаванне памерлага 21 студзеня 2017 г. ва ўзросце 92 гадоў доктара Рэната Буцанэці, які з 29 снежня 1978 г. быў асабістым урачом папы Яна Паўла II, а затым да чэрвеня 2009 г. – Бэнэдыкта XVI. Ён насіў ганаровае званне папскага ўрача на пенсіі.

Доктар Буцанэці быў таксама другім урачом Паўла VI і Яна Паўла I. Пра свае адносіны з Янам Паўлам II ён казаў, што яны адзначаліся незвычайнай прастатой. “З майго боку заўсёды была сыноўская павага і шчырасць, а з боку Папы – сардэчны давер, які праяўляўся ў вялікай памяркоўнасці слоў і жэстаў, і адкрытай добразычлівасці”.

Абрад пахавання ў рымскім касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзначаліў арцыбіскуп Георг Генсвайн, прэфект Папскага дома. На пахавальных урачыстасцях прысутнічалі: кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар Яна Паўла ІІ; арцыбіскуп П’ера Марыні, шматгадовы галоўны папскі цырымонімайстар; Альберта Гасбары, арганізатар папскіх падарожжаў; кардыналы Юзаф Томка, Станіслаў Рылка, Джэймс Харві, Ларэнца Балдзісэры і Леанарда Сандры, а таксама папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі, былы папскі цырымонімайстар.

Кардынал Дзівіш падкрэсліў, што Рэната Буцанэці быў дасведчаным і прафесійным урачом, які клапаціўся пра здароўе Папы, што неаднаразова знаходзілася пад пагрозай. Ян Павел II вельмі цаніў яго служэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.