2017-01-24 15:29:00

Францішак зацвердзіў выбар новага прэлата “Оpus Dei”


Папа зацвердзіў выбар 72-гадовага кс. Фернанда Акарыса Брана новым прэлатам Персанальнай прэлатуры Святога Крыжа “Оpus Dei”. Іспанскі святар заняў гэту пасаду па выніках галасавання, якое прайшло 23 студзеня 2017 г. у Рыме. З 2014 г. ён займаў пасаду дапаможнага вікарыя “Оpus Dei”, а з 1994 г. – генеральнага вікарыя. 

Кс. Фернанда Акарыс нарадзіўся 27 кастрычніка 1944 г. у Парыжы ў іспанскай сям’і, якая пераехала ў Францыю падчас Грамадзянскай вайны. Вывучаў фізіку ў Барселонскім універсітэце. У 1969 г. атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі ў Папскім латэранскім універсітэце, а ў 1971 г. абараніў доктарскую дысертацыю ў Наварскім універсітэце. У тым жа годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Святар з’яўляецца аўтарам шматлікіх філасофскіх і тэалагічных публікацый. З 1986 г. быў дарадчыкам у Кангрэгацыі Веравучэння, а з 1989 г. – членам Папскай тэалагічнай акадэміі. Быў адным з заснавальнікаў Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа ў Рыме.

Кс. Фернанда Акарыс з’яўляецца трэцім наступнікам св. Хасэмарыі Эскрывы на чале персанальнай прэлатуры. Папярэдні кіраўнік, біскуп Хаўер Эчэварыя памёр 12 снежня 2016 г. у італьянскай сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.