2017-01-24 12:00:00

Францішак да журналістаў: патрэбна логіка “добрай навіны”


“Навіны могуць быць добрымі ці кепскімі, праўдзівымі або ілжывымі”, - звярнуў увагу Папа. Ён спаслаўся на вобраз са старажытнасці: чалавечы розум як жорны, якія прыводзіць у рух вада, і якія не можна спыніць. Але той, хто нясе адказнасць за млынавы камень, можа вырашыць – малоць пшаніцу ці куколь. “Розум чалавека пастаянна працуе, і не можа спыніць “памолу” таго, што атрымлівае; але гэта мы вырашаем, які матэрыял яму пастаўляць”, - звярнуўся Пантыфік да журнаслістаў у сваім пасланні на Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі.

Пантыфік заклікаў усіх да канструктыўнай і непрадузятай камунікацыі, якая спрыяе культуры сустрэчы. “Думаю, нам трэба разарваць заганнае кола трывогі і спіраль страху, што з’яўляецца вынікам звычкі засяроджвання ўвагі на “дрэнных навінах”, - сказаў ён і патлумачыў, што гаворка тут не ідзе пра выключэнне навін аб пакутах або пра наіўны аптымізм. Наадварот, трэба паспрабаваць пераадолець частае пачуццё незадаволенасці, абыякавасці, апатыі, якое спараджае думкі, што злу не можна пакласці мяжы. 

Паводле Пантыфіка, патрэбны адкрыты і творчы стыль камунікацыі, які ніколі не прызнае за злом вядучай ролі, але спрабуе паказаць магчымыя рашэнні, натхняючы людзей да канструктыўнага і адказнага падыходу. Патрэбна логіка “добрай навіны”.

Што можа быць адпраўной кропкай для прачытання рэальнасці? – задаўся пытаннем Папа. Для хрысціян, “акулярамі”, якія дазваляюць расшыфраваць рэчаіснасць можа быць выключна Добрая Навіна – Евангелле Езуса Хрыста. Гэта Добрая Навіна – сам Сын Божы. І Добрая яна не таму, што вольная ад пакут, а таму, што на пакуты глядзіць у больш шырокім кантэксце, як на неад’емную частку Хрыстовай любові да Айца і да ўсяго чалавецтва. У гэтым святле кожная новая драма, якая адбываецца ў гісторыі, становіцца месцам для магчымай “добрай навіны”.

Надзея, заснаваная на Добрай Навіне, якой з’яўляецца сам Езус, дазваляе нам паглядзець вышэй і сузіраць Яго ў літургічным кантэксце ўрачыстасці Унебаўшэсця, звярнуў увагу Францішак і дадаў, што давер да “семені Божага Валадарства і пасхальнай логікі не можа не фарміраваць і нашага спосабу камунікацыі”. 

“Той, хто ў веры дазваляе весці сябе Святому Духу, атрымлівае здольнасць распазнаць у кожнай падзеі тое, што адбываецца паміж Богам і чалавецтвам, прызнаючы, што Ён сам, у драматычным пейзажы свету, стварае сюжэт гісторыі збаўлення”, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што і сёння Святы Дух сее ў нас жаданне Божага Валадарства праз многія жывыя “каналы”, праз людзей, якія дазваляюць Добрай Навіне весці сябе праз драму гісторыі. Гэтыя асобы з’яўляюцца “маякамі ў цемры гэтага свету, якія асвятляюць шлях і адкрываюць новыя дарогі даверу і надзеі”.

Дзень сродкаў масавай камунікацыі – гэта адзіны сусветны дзень, устаноўлены Другім Ватыканскім Саборам, і ён святкуецца ў многіх краінах свету ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога, і сёлета прыпадае на 28 мая. Упершыню яго адзначылі 7 мая 1967 г. На гэты Дзень Пантыфік заўсёды кіруе сваё пасланне, якое публікуецца ў свята св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, 24 студзеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.