2017-01-24 12:32:00

Ватыканская дэлегацыя з гуманітарнай місіяй у Алепа


Ватыканская дэлегацыя знаходзілася з 18 па 23 студзеня 2017 г. у сірыйскім Алепа. Гуманітарную місію ад імя Святога Айца ўзначаліў сакратар Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, кс. Джамп’етра Даль Тоза. Яго суправаджаў Апостальскі нунцый у краіне, кардынал Марыа Дзэнары. Гэта быў першы афіцыйны візіт прадстаўнікоў Святога Пасаду пасля заканчэння баявых дзеянняў у горадзе.

Дэлегацыя сустрэлася з мясцовай хрысціянскай супольнасцю і яе душпастырамі, прадстаўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый, наведала лагеры для бежанцаў, а таксама прыняла ўдзел у экуменічнай малітве, арганізаванай з нагоды Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. У рамках візіту былі праведзены сустрэчы з прадстаўнікамі ісламу, падчас якіх падкрэслівалася неабходнасць у адукацыі, накіраванай на мір і паяднанне, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Дыкастэрыі.

Грамадзянскія і рэлігійныя ўлады Сірыі выказалі ўдзячнасць за жэст Святога Айца, узвесці ў кардынальскую годнасць папскага дыпламатычнага прадстаўніка ў краіне, што было ўспрынята тут, як асаблівая блізкасць Францішка да пакут сірыйскага народа.

Падчас сустрэч з каталіцкімі дабрачыннымі структурамі, ватыканская дэлегацыя падкрэсліла, што гуманітрная дапамога, якая ажыццяўляецца пры падтрымцы Паўсюднага Касцёла і міжнароднай супольнасці, у будучыні павінна быць узмоцнена, каб задаволіць растучыя запатрабаванні людзей. Сярод неадкладных выклікаў былі названыя патрэбнасці ў харчаванні, адзенні, адукацыі, ахове здароўя і жыллі.








All the contents on this site are copyrighted ©.