2017-01-23 11:12:00

Святы Айцец даў інтэрв'ю іспанскай газеце "El País"


“Сярэднім класам святасці” назваў Францішак бацькаў, маці, бабуль і дзядуль, якія штодзённа працуюць, дапамагаючы Касцёлу ісці наперад. Аб гэтым Святы Айцец распавёў у вялікім інтэрв’ю іспанскай газеце “El País”.

Пантыфік заўважыў, што ў сучасным Касцёле ёсць мноства святых, якія “праводзяць усё сваё жыццё ў ананімным служэнні людзям”. Святыя “спальваюць сваё жыццё дзеля таго, каб Евангелле было канкрэтным” і з’яўляюцца “галоўнымі дзеючымі асобамі гісторыі Касцёла”. Менавіта такія людзі, паводле Папы, здзейсняюць сапраўдную рэвалюцыю ў свеце.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл павінен быць блізкім да людзей. Аддаленне, клерыкалізм, ухіленне ад рэальных праблем свету – гэта найгоршае, што можа здарыцца з ім сёння. У той жа час, Касцёл не павінен ператварыцца ў “няўрадавую арганізацыю”, члены якой збіраюцца разам, “каб піць гарбату і займацца дабрачыннасцю”. У Касцёле людзі павінны быць братамі, якія бачаць у бліжнім цела Хрыста, заўважыў Пантыфік.

Францішак заклапочаны ростам эканамічнай няроўнасці ў свеце і канцэнтрацыяй 80% усіх багаццяў планеты ў руках маленькай групы людзей. Калі ў цэнтры эканомікі стаіць ідал грошай, такая “эканоміка забівае” і стварае “культуру адчужэння”, лічыць ён.

Папа заўважыў, што не варта загадзя баяцца, ці наадварот радавацца з нагоды выбрання на пасаду Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. “Я лічу, што мы павінны пачакаць і паглядзець. Я не хацеў бы спяшацца і судзіць людзей заўчасна. Мы павінны паглядзець, што ён зробіць і тады будзем ацэньваць”, - сказаў Пантыфік.

Францішак з хваляваннем адносіцца да папулізму ў еўрапейскай палітыцы. Ён спаслаўся на сітуацыю ў міжваеннай Германіі, якая шукала лідэра, здольнага вырашыць яе праблемы і вярнуць годнасць. Так быў выбраны Гітлер, які потым і знішчыў нямецкі народ, нагадаў Святы Айцец і дадаў, што ў крызісныя перыяды народам уласціва шукаць “выратавальнікаў” і хавацца ад іншых народаў за мурамі і калючым дротам.








All the contents on this site are copyrighted ©.