2017-01-23 12:33:00

Пантыфік: не закрываць сэрца на цуд святарства Езуса


Францішак нагадаў пра значэнне цуду святарства Езуса Хрыста, які ахвяраваў сабой дзеля адпушчэння грахоў, заступаецца за людзей перад Айцом і зноў прыйдзе, каб устанавіць канчатковае Валадарства. Аб гэтым Пантыфік казаў 23 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне аб святарстве Хрыста (Габ 9, 15.24-28), Папа адзначыў, што яно з’яўляецца сапраўдным цудам і мае тры этапы. Першы – гэта справа Адкуплення. "У той час, калі святары Старога Запавету павінны былі штогод прыносіць ахвяраванні, “Хрыстус адзін раз і назаўсёды ахвяраваў сабой дзеля адпушчэння грахоў”. Праз гэты цуд ён прывёў людзей да Айца і аднавіў гармонію стварэння", - падкрэсліў Папа.

Другі цуд святарства Езуса – гэта Яго пастаянная малітва за людзей. “У той час калі мы молімся тут, Ён моліцца за нас, за кожнага з нас, каб не паменшылася ў нас вера”, - сказаў Пантыфік. Трэці цуд наступіць, калі Хрыстус вернецца, каб устанавіць сваё канчатковае Валадарства, дадаў Францішак. 

У той жа час Папа нагадаў словы Езуса пра тое, што сынам чалавечым будуць прабачаны ўсе грахі і блюзнерствы, для чаго дастаткова толькі крыху адкрыць сэрцы, але існуе “непрабачальнае блюзнерства” – гэта блюзнерства супраць Духа Святога.

Пантыфік нагадаў, што Езус атрымаў святарскае намашчэнне ад Святога Духа ўжо ва ўлонні Панны Марыі. Тыя, хто блюзнерыць супраць гэтага, блюзнераць таксама супраць фундаменту любові Бога, якім з’яўляецца адкупленне, новае стварэнне, блюзнераць супраць святарства Хрыста і такім чынам самі закрываюць свае сэрцы на прабачэнне Езуса, не жадаюць яго атрымаць. 








All the contents on this site are copyrighted ©.