2017-01-22 14:27:00

Францішак: Бог аб’яўляецца ў нашым штодзённым жыцці


Пан аб’яўляецца перад намі не ў надзвычайны і неймаверны спосаб, але ў нашым паўсядзённым жыцці, сказаў папа Францішак 22 студзеня 2017 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкне. “Сённяшняе евангельскае чытанне (Мц. 4,12-23) расказвае пра пачатак навучання Езуса ў Галілеі. Ён пакідае Назарэт, вёску ў гарах, і пасяляецца ў Кафарнауме, важным цэнтры на беразе возера, населеным у асноўным  язычнікамі і які знаходзіўся на скрыжаванні Міжземнаша мора і Месапатамскай нізіны. Гэты выбар указвае, што Яго прапаведванне было прызначана не толькі яго суайчыннікам, але тым, хто знаходзіўся ў касмапалітычнай "Галілеі язычнікаў" (Мц. 4,15). Тады так называлася. У параўнанні з  Ерусалімам гэтая зямля была геаграфічна перыферыйная і рэлігійна нячыстая, таму што была поўная паганаў, і юдэяў змешаных з тымі, хто не належаў да Ізраіля. Вядома, ад Галілеі не чакалася вялікіх рэчаў для гісторыі збаўлення. Аднак менавіта адсюль распаўсюдзілася “святло”, аб якім мы разважалі ў апошнія нядзелі: святло Хрыста. Яно распаўсюджваецца менавіта з Галілеі.

Пасланне Езуса наследуе тое пасланне, якое прапаведваў Ян Хрысціцель, абвяшчаючы “Валадарства Нябеснае” (Мц. 4,17). Гэтае валадарства прадбачвала не ўстанаўленне новага палітычнага ладу, але выкананне запавету паміж Богам і Яго народам, які пачне час міру і справядлівасці. Для таго, каб заключыць гэты запавет з Богам, кожны пакліканы да навяртання, змяняючы свой спосаб мыслення і жыцця. Гэта важна, навяртанне не з’яўляецца толькі  пераменай стылю жыцця, але таксама спосабу думання.Тут справа не ў змене вопраткі, але звычаяў! Езуса адрознівае ад Яна Хрысціцеля стыль і метад. Езус вырашае быць вандроўным прарокам. Ён не чакае на людзей, але сам ідзе насутрач ім. Езус заўсёды ў дарозе. Яго першыя місіянерскія падарожжы праходзяць ўздоўж Галілейскага возера, у кантакце з натоўпам, асабліва з рыбакамі. Там Езус не толькі абвяшчае надыход Валадарства Божага, але шукае спадарожнікаў, якія будуць суправаджаць яго ў місіі збаўлення.  У гэтым жа месцы Ён сустракае братоў: Сымона з Андрэям, Якуба з Янам. Ён кажа ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мц. 4,19).Гэтае пакліканне дасягае іх у час іхняй паўсядзённай дзейнасці: Пан аб’яляецца перад намі не ў надзвычайны ці нечаканы спосаб, але ў нашым паўсядзённым жыцці.У ім мы павінны адшукаць Пана і ў ім Ён аб’яўляецца. Дазваляе нашаму сэрцу адчуць сваю любоў і там праз дыялог з Ім у паўсюднасці нашага жыцця, нашае сэрца перамяняецца. Адказ чатырох рыбакоў быў неадкладны і гатовы:” Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім” (Мц. 4.20). Мы ведаем, што яны былі вучнямі Яна Хрысціцеля, і, дзякуючы яго сведчанню, ужо пачалі верыць у Езуса як Месію (Ян 1,35-42).

Мы, сённяшнія хрысціяне, можам з радасцю абвяшчаць і сведчыць нашу веру таму, што адбылося гэтае першае абвяшчэнне, таму, што гэтыя людзі былі адважнымі і сціплымі і вялікадушна адказалі на заклік Езуса. На беразе возера, на зямлі неймавернай, нарадзілася першая супольнасць вучняў Хрыста. Няхай ўсведамленне гэтых пачаткаў натхніць у нас жаданне занесці слова, любоў і пяшчоту Езуса ва ўсе асяроддзі, нават у самыя недаступныя і супраціўныя. Занесці ва ўсе перыферыі. Усе прасторы чалавечага жыцця з'яўляюцца глебай, у якую трэба кідаць зерне Евангелля, каб прынесла плёны збаўлення.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам сваім матчыным заступніцтвам з радасцю адказаць на заклік Езуса і паставіць сябе на служэнне Божаму Валадарству.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.