2017-01-21 14:09:00

Пантыфік пра важнасць увагі Касцёла да сужонкаў


Неабходны “новы катэхуменат”, у рамках якога адбывалася б падрыхтоўка кандыдатаў да сакрамэнту сужэнства, а таксама эфектыўнае суправаджэнне сужонкаў пасля заключэння шлюбу, адзначыў Папа падчас звароту да супрацоўнікаў Трыбуналу Рымскай Роты, якіх прыняў 21 студзеня 2017 г. на аўдыенцыі з нагоды распачацця новага судовага года.

Па словах Францішка, працэс падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства павінен лічыцца яго складанай часткай, “супрацьяддзем ад памнажэння несапраўдных сужэнстваў”. У ім важна бачыць “магчымасць для евангелізацыі дарослых” і так званых “далёкіх ад веры”. Для эфектыўнасці падрыхтоўкі да сужэнства важна, каб яе ажыццяўлялі асобы “з належнай кампетэнцыяй”, каб існавала супрацоўніцтва паміж святарамі і сужонкамі, а таксама падтрымка з боку “дарослых хрысціян”.

Францішак заклікаў забяспечыць пастаянны характар фармацыі сужонкаў. Для гэтага Касцёл павінен суправаджаць маладыя сужэнскія пары, клапоцячыся аб іх духоўным і чалавечым развіцці. Тут важны моманты слухання Божага слова, абмеркаванне тэмаў, якія цікавяць сем’і, малітва, братэрскае дзяленне. Трэба даць ім адчуць, што, нягледзячы на цяжкасці і беднасць, з якімі яны вымушаны лічыцца ў штодзённым жыцці, іх гісторыя кахання з’яўляецца часткай “святой гісторыі”, дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што “часта маладыя сужонкі пакінуты самі сябе”. Яны радзей з’яўляюцца ў парафіі пасля нараджэння дзіцяці, але менавіта ў такія моманты ім трэба забяспечыць яшчэ большую блізкасць і духоўную падтрымку, у тым ліку ў справе выхавання дзяцей, для якіх яны з’яўляюцца першымі сведкамі і носьбітамі дару веры.

“Каб заключыць сужэнства ў наш час патрэбна вялікая адвага”, - адзначыў Святы Айцец і дадаў, што менавіта таму Каталіцкі Касцёл павінен праяўляць канкрэтную блізкасць да тых, хто здзяйсняе гэты важны крок.








All the contents on this site are copyrighted ©.