2017-01-21 10:59:00

Cвяты Айцец благаславіў ягнятаў


Францішак благаславіў двух ягнятаў, з воўны якіх будуць зробленыя паліі для абвешчаных у перыяд з ліпеня 2016 г. арцыбіскупаў-мітрапалітаў. Абрад прайшоў 21 студзеня 2017 г., у літургічны ўспамін св. Агнешкі, у капліцы Урбана VIII у Апостальскім палацы.

Традыцыйна іерархі атрымліваюць паліі 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Раней гэта адбывалася ў базыліцы св. Пятра, аднак Францішак змяніў гэту практыку, і цяпер новыя арцыбіскупы-мітрапаліты атрымліваюць паліі ў сваіх катэдрах з рук Апостальскіх нунцыяў. 

Палій – гэта элемент літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнымі крыжамі. Сёння іх вырабляюць у мануфактуры недалёка ад Мачэраты, якая выкарыстоўвае старыя традыцыі ткацтва. Апошнія штрыхі робяць сёстры бэнэдыктынкі з Трастэверэ, даводзячы працу да канца і нашываючы крыжыкі на белую стужку.

Св. Агнешка з'яўляецца адной з самых вядомых каталіцкіх святых. Яна жыла ў ІІІ ст. у Рыме і загінула падчас пераследу хрысціян у перыяд праўлення імператара Дыяклетыяна. Старажытнае паданне кажа, што спачатку Агнешку кінулі ў вогнішча, але полымя цудоўным чынам згасла, і ёй вырашылі перарэзаць горла, нібы ягняці. Менавіта таму іканаграфія часта прадстаўляе гэтую мучаніцу разам з ягняткам, сімвалам чысціні і ахвяры.








All the contents on this site are copyrighted ©.