2017-01-20 13:23:00

Папа: перамагчы ментальнасць настаўнікаў закону


Перамагчы эгаістычную ментальнасць настаўнікаў закону заклікаў папа Францішак 20 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што новы запавет, які Бог заключае з людзьмі, перамяняе сэрца і дазваляе новымі вачыма глядзець на рэчы. 

Паводле Святога Айца, Божы закон не дзейнічае павярхоўна, але ўваходзіць у душу чалавека і змяняе яго ментальнасць. Новаму запавету спадарожнічае змена сэрца, спосабу дзеяння, погляду на рэчы.

“Новы запавет змяняе наша сэрца і дазваляе бачыць закон Пана з гэтым новым сэрцам, новым розумам. Падумайма пра настаўнікаў закону, якія пераследавалі Езуса. Яны рабілі ўсё, што было прадпісана законам, мелі права ў руках, мелі ўсё. Але іх ментальнасць была далёкай ад Бога. Гэта была эгаістычная ментальнасць, засяроджаная на саміх сябе: іх сэрца было асуджаючым, пастаянна асуджаючым. Новы запавет змяняе наша сэрца і розум. Прадугледжвае змену ментальнасці”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Бог абяцаў не памятаць пра грахі людзей. Жартуючы, ён дадаў, што кепская памяць перад скрушаным сэрцам з’яўляецца слабасцю Бога. У той жа час Пантыфік папярэдзіў вернікаў, каб не нагадвалі Пану пра свае грахі, здзяйсняючы іх.

Паводле Папы, новы запавет дапамагае змяніць не толькі ментальнасць, але і жыццё. Ён дазваляе жыць без граху, далёка ад граху. "Гэта з’яўляецца ператварэннем! Так Пан нанова стварае нас!”, - падкрэсліў Святы Айцец і заклікаў захоўваць вернасць Божай справе перамянення нашай ментальнасці, сэрца і жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.