2017-01-20 10:38:00

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі на форуме ў Давосе


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін прыняў удзел у дыскусіі ў рамках 47-га Сусветнага эканамічнага форума, які 17-20 студзеня 2017 г. праходзіць у швейцарскім Давосе. У сустрэчы прымаюць удзел каля 3 тыс. дэлетатаў са 140 краін свету, сярод якіх: кіраўнікі дзяржаў, палітычныя лідэры, буйныя прадпрымальнікі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў.

Пурпурат заўважыў, што дзякуючы папу Францішку дыпламатычная дзейнасць Апостальскай Сталіцы значна актывізавалася. Пантыфіка прызнаюць у якасці глабальнага лідэра, што часта падкрэсліваецца падчас візітаў у Ватыкан дэлегацыі розных краін і арганізацый. 

Паводле кардынала Параліна, Святы Айцец паставіў перад ватыканскай дыпламатыяй тры мэты: змагацца з беднасцю, будаваць масты і спрыяць міру ва ўсім свеце. Пурпурат падкрэсліў, што роля Апостальскай Сталіцы заключаецца не ў абвяшчэнні прынцыпаў, а канкрэтнай дапамозе людзям, якія знаходзяцца ў складаных сітуацыях. Ён нагадаў пра дапамогу, якую Каталіцкі Касцёл аказвае краінам у якіх прысутнічае, у тым ліку даючы парады па выйсці з цяжкасцяў.

Адной з галоўных мэтаў дыпламатычнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы з’яўляецца абарона рэлігійнай свабоды. Калі яна знаходзіцца пад абаронай, ахоўваюцца таксама і іншыя правы чалавека, лічыць пурпурат. Пры гэтым, паводле яго слоў, Святы Пасад працуе не толькі дзеля свабоды для Касцёла і католікаў, але вернікаў усіх рэлігій. 

Кардынал Паралін заўважыў, што тут гаворка ідзе пра абарону самой чалавечай асобы. “Я б хацеў асаблівым чынам падкрэсліць, што існуе вымярэнне, якое не можа ігнаравацца, калі жадаем выратаваць чалавецтва сёння: гэта трансцэндэнтнае вымярэнне асобы. Асоба не можа быць зведзена толькі да матэрыяльнага вымярэння”, - падкрэсліў ён.

Паводле кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, Еўрапейскі Саюз перажывае крызісны перыяд. Ён заклікаў “даць душу Еўропе”, праз зварот да задумаў айцоў-заснавальнікаў Еўрасаюза, якія жадалі, каб Еўропа мела супольную ідэю, а не толькі рынкі і эканоміку. 

“У гэтым сэнсе я б хацеў падкрэсліць важнасць рэлігіі: рэлігія не можа быць абмежавана толькі прыватнай сферай. Гаворка не ідзе толькі пра вымярэнне, звязанае з пачуццямі асобы: рэлігіі ёсць што сказаць на публічнай арэне”, - сказаў кардынал. 

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі скарыстаўся дыскусіяй, каб выказацца адносна ўжывання імя Бога для апраўдання насілля і тэрарыстычных актаў. Ён назваў гэту з’яву відавочнай маніпуляцый рэлігіяй.

Гаворачы аб міграцыйнай праблеме кардынал Паралін заклікаў бачыць у адметнасцях паміж людзьмі не крыніцу сутыкнення, але ўзаемнага ўзбагачэння. Існуе страх згубіць уласную тоеснасць, але закрытасць і непрыманне іншага – гэта пазіцыя, якая збядняе і не дае развівацца, заўважыў кардынал.

Галоўны папскі дыпламат таксама закрануў тэму міру. Калі мы жадаем міру, то павінны працаваць на карысць справядлівасці, сказаў ён і заклікаў міжнародную супольнасць паразважаць над этычнасцю канцэпцыі ядзернага стрымлівання. “Яшчэ раз мы павінны сцвердзіць, што мір пабудаваны на страху не з’яўляецца мірам”, - лічыць бліжэйшы супрацоўнік папы Францішка. 








All the contents on this site are copyrighted ©.