2017-01-20 17:49:00

Абвешчана дата правядзення Сусветных дзён моладзі ў Панаме


Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. Аб гэтым абвясціў арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзьета 20 студзеня 2017 г. падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Іерарх падкрэсліў, што пры выбары даты правядзення форума галоўным чынам улічваліся кліматычныя асаблівасці рэгіёну. У звычайную для правядзення Дзён пару ў Панаме сезон дажджоў.

“Мы добра разумеем, што ў некаторых краінах, гэта не перыяд адпачынкаў, але мы перакананы, што гэта не перашкодзіць тысячам юнакоў і дзяўчат з розных кантынентаў прыбыць у Панаму і сустрэць Езуса Хрыста, трымаючы за руку нашу Маці Марыю і пад кіраўніцтвам Наступніка св. Пятра”, - сказаў арцыбіскуп Улоа.

Старт арганізацыйным мерапрыемствам быў дадзены на лістападаўскай сустрэчы біскупаў Цэнтральнай Амерыкі. Панамскія біскупы плануюць прадставіць моладзі свету прыродны і жыццёвы каларыт краіны. Яны лічаць, што гэта лепшае, што можна прапанаваць гасцям. 

Калі гаворка ідзе пра бяспеку на Сусветных днях моладзі, яны нагадалі, што Панама ўжо прайшла “невялікі тэст” з нагоды візіту сюды Прэзідэнта Злучаных Штатаў Барака Абамы і кіраўніка Кубы Рауля Кастра. Епіскапат лічыць, што Панама з’яўляецца выдатным месцам для правядзення моладзевага форуму , таму што гэта “зямля-мост” паміж Паўночнай і Паўднёвай Амерыкай, і, разам з тым, краіна, размешчаная “на перыферыі” кантыненту.








All the contents on this site are copyrighted ©.