2017-01-19 14:06:00

Папскі легат накіруецца на ўрачыстасці ў Лурдзе


Святы Айцец прызначыў свайго бліжэйшага супрацоўніка, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці з нагоды XXV Cусветнага дня хворага, якія пройдуць 11 лютага 2017 г. у французскім Лурдзе. Адпаведнае паведамленне апублікавала 19 студзеня 2017 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

У сваім сёлетнім пасланні на гэты Дзень Папа нагадаў, што кожны хворы мае неад’емную чалавечую годнасці і пэўную місію ў жыцці, таму нават калі пазначаны цяжкімі відамі няпоўнаспраўнасці, ніколі не становіцца проста аб’ектам.

Францішак пажадаў, каб у свеце будавалася культура паважлівых адносін да жыцця, здароўя і навакольнага асяроддзя, каб быў дадзены новы імпульс барацьбе за павагу да інтэгральнасці і годнасці людзей, у тым ліку, праз належнае вырашэнне біяэтычных пытанняў, абарону слабых і прыроды.

Сусветны дзень хворага штогадова адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага – ва ўспамін Маці Божай Лурдскай. Ён быў устаноўлены св. Янам Паўлам ІІ 13 мая 1992 г. У той дзень супалі 75-я гадавіна аб’яўлення Маці Божай Фацімскай і 11-я гадавіна замаху на жыццё гэтага Папы.








All the contents on this site are copyrighted ©.