2017-01-19 13:34:00

Папа: усемагутнасць Бога выяўляецца ў міласэрнасці


Усемагутнасць Бога выяўляецца ў Яго міласэрнасці, заўважыў папа Францішак 19 студзеня 2017 г. падчас аўдыенцыі для арганізатараў выставы, прысвечанай гісторыі Юбілеяў, якая праходзіла ў Сенаце Італіі на працягу Года Міласэрнасці. Дэлегацыя прыбыла пад кіраўніцтвам старшыні верхняй палаты італьянскага парламента, Пьетра Граса.

Звяртаючыся да сваіх гасцей Францішак выказаў удзячнасць за стварэнне экспазіцыі, якая адлюстравала шматлікія аспекты Святых Гадоў, пачынаючы з першага, устаноўленага булай “Antiquorum habet” папы Баніфацыя VIII.

“Пачынаючы з 1300 г. кожны Юбілей пакідаў след у гісторыі Рыма: ад архітэктуры да прыняцця пілігрымаў, ад мастацтва да дабрачыннай і харытатыўнай дзейнасці. Але ў сэрцы кожнага Святога Года ёсць важны элемент, які ніколі не павінен быць страчаны з-пад увагі: падчас Юбілею сустракаюцца дабрыня Бога і слабасць чалавека, які заўсёды мае патрэбу ў любові і прабачэнні Айца. Насамрэч менавіта Богу ўласціва карыстацца міласэрнасцю, і асабліва ў гэтым выяўляецца Яго ўсемагутнасць”, - сказаў Папа.

Выстава пад назвай “Antiquorum habet” праходзіла з 13 сакавіка па 2 ліпеня 2016 г. На ёй было выстаўлена каля 600 экспанатаў, прысвечаных гісторыі Юбілейных гадоў у Рыме, якія захоўваюцца ў архіве італьянскага Сенату.








All the contents on this site are copyrighted ©.