2017-01-19 12:12:00

Пантыфік прыняў дэлегацыю хрысціян з Фінляндыі


Лютэр прагнуў абнаўлення Касцёла, а не яго падзелу, падкрэсліў папа Францішак 19 студзеня 2017 г. падчас сустрэчы з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі. Ужо на працягу амаль 30 гадоў у Рым прыбываюць штогадова прадстаўнікі лютэран, праваслаўных і католікаў гэтай краіны, каб пакланіцца яе нябеснаму заступніку, св. Генрыху.

У сваёй прамове Пантыфік заўважыў, што “сапраўдны экуменізм грунтуецца на супольным навяртанні да Езуса Хрыста, як нашага Пана і Адкупіцеля”. “Калі мы разам набліжаемся да Яго, набліжаемся таксама адзін да аднаго. У гэтыя дні будзем мацней маліцца да Святога Духа, каб абудзіў у нас гэта навяртанне, якое робіць магчымым прымірэнне”, - сказаў Папа.

Святы Айцец узгадаў пра свой мінулагодні візіт у шведскі Лунд, прымеркаваны да 500-годдзя пачатку Рэфармацыі. Ён адзначыў важнасць дасягненняў у дыялогу паміж католікамі і лютэранамі і заклікаў захоўваць у сэрцы шчырае пакаянне за правіны. 

“У гэтым духу, у Лундзе ўзгадвалася, што памкненнем Марціна Лютэра, пяцьсот гадоў таму, было абнаўленне Касцёла, а не яго падзел. Гэта сустрэча напоўніла нас адвагай і сілай, каб глядзець наперад, на нашага Пана Езуса Хрыста, на экуменічным шляху, які мы пакліканы прайсці разам”, - дадаў Пантыфік.

Папа выказаў спадзяванне на далейшае збліжэнне паміж католікамі і лютэранамі ў пытаннях тэалогі і этыкі. Ён падкрэсліў таксама важнасць супольнага сведчання веры перад светам і клопату пра пакутуючых ад беднасці, пераследаў і насілля. “У здзейсненні гэтага, як хрысціяне мы больш не падзелены, а паяднаны на шляху да поўнай еднасці”, сказаў Пантыфік і пажадаў умацавання супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі, лютэранамі і католікамі ва ўсім свеце. 








All the contents on this site are copyrighted ©.