2017-01-18 11:40:00

Святы Айцец: малітва вядзе да яшчэ большай надзеі


Малітва ўмацоўвае надзею, нават калі наступаюць “цёмныя” хвіліны, адзначыў Францішак 18 студзеня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Пантыфік спаслаўся на кнігу прарока Ёны, якая хоць і з’яўляецца невялікай, але "ўтрымлівае цудоўнае навучанне аб міласэрнасці Бога, які прабачае". 

Святы Айцец заўважыў, што Ёна “нестандартны” прарок. Ён спрабаваў ухіліцца ад даверанай яму місіі прапаведвання пакаяння сярод жыхароў Нінівы. Прарок лічыў гэтыя перыферыйныя землі небяспечнымі, бо яны былі населены ворагамі Ерузалема, якіх, паводле яго думак, належала знішчаць, а не збаўляць. Таму ён вырашыў уцячы. Яго планы былі сур’ёзнымі, бо Нініва знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Іраку, а ён сабраўся бегчы аж да земляў Іспаніі, заўважыў Папа.

На сваім шляху Ёна сустрэўся з язычнікамі, маракамі, якія з пачаткам вялікай буры пачалі звяртацца да сваіх багоў. Францішак адзначыў, што перад пагрозай смерці людзі адчуваюць патрэбу ў пакладанні надзеі на Бога жыцця. Гэта надзея выяўляецца ў малітве. 

“Вельмі лёгка мы пагарджаем зваротам да Бога ў патрэбе, як бы гэта была толькі карыслівая, а значыць недасканалая малітва. Але Бог ведае нашу слабасць, ведае, што памятаем аб Ім, каб прасіць дапамогі і з паблажлівай усмешкай айца Бог адказвае добразычліва”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што малітва перад абліччам смерці і гатоўнасць Ёны ахвяраць сабой дзеля збаўлення маракоў, зрабілі так, што няглядзечы ні на што, ён выканаў сваё пакліканне і язычнікі змаглі пазнаць сапраўднага Пана, склалі Яму ахвяры і славілі Яго. 

“Надзея, якая прывяла іх да малітвы аб выратаванні ад смерці, становіцца яшчэ мацнейшай і здзейсняе тое, што выходзіць за рамкі іх чаканняў: яны не толькі не загінулі падчас буры, але адкрыліся на пазнанне сапраўднага і адзінага Бога неба і зямлі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што пазней таксама і жыхары Нінівы, перад абліччам перспектывы знішчэння, будуць маліцца з надзеяй на Божае прабачэнне. Яны будуць здзейсняць пакуту, маліцца да Бога, навяртацца да Яго, і так дасягнуць праўды. 

“Так, згодна з Божай міласэрнасцю, і яшчэ больш у святле пасхальнай таямніцы, смерць можа стаць, як гэта было для св. Францішка з Асізі, “нашай сястрой смерцю” і ўяўляць для кожнага чалавека і для кожнага з нас надзвычайную магчымасць для пазнання надзеі і сустрэчы з Панам”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак заклікаў вернікаў маліцца аб разуменні сувязі паміж малітвай і надзеяй. “Малітва вядзе нас да яшчэ большай надзеі. А калі сітуацыя стане “цёмнай” трэба маліцца яшчэ больш! Так будзем мець больш надзеі”, - дадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.