2017-01-18 12:36:00

Папа: адзінства хрысціян – магчымае


Францішак нагадаў, што 18 студзеня 2017 г. пачынаецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, сёлетні дэвіз якога: “Прымірэнне – любоў Хрыста ахапіла нас”. Паводле Святога Айца, гэтыя словы з’яўляюцца сапраўдным выклікам для вызнаўцаў Хрыста. Аб гэтым ён сказаў падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане.

“Папросім Пана, каб усе хрысціянскія супольнасці, лепш пазнаючы ўласную гісторыю, тэалогію і права, усё больш адкрываліся на прымірэнне. Няхай нас прасякне дух добразычлівасці і разумення, а таксама жаданне супрацоўнічаць”, - адзначыў Папа.

Францішак узгадаў пра экуменічную малітву ў шведскім Лундзе, у якой прымаў удзел 31 кастрычніка 2016 г. з нагоды ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі.

“У духу гэтага супольнага ўспаміну Рэфармацыі, будзем больш глядзець на тое, што нас яднае, чым на тое, што раздзяляе і працягнем шлях паглыблення нашай еднасці даючы ёй усё больш бачную форму. У Еўропе гэтая супольная вера ў Хрыста, як зялёная ніць надзеі: мы належам адзін аднаму. Еднасць, прымірэнне і адзінства – магчымыя. Як хрысціяне, мы адказныя за гэта пасланне і павінны сведчыць аб ім у нашым жыцці. Няхай Бог благаславіць гэтае жаданне адзінства і бароніць усіх людзей, якія крочаць па шляху еднасці”, - пажадаў Пантыфік.

Папа прывітаў прысутную на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Эфіопіі і нагадаў аб плённасці дыялогу паміж Цэрквамі. “Экуменічны рух прыносіць плёны, дзякуючы Божай ласцы. Нябесны Айцец няхай працягне выліваць свае благаслаўленні на ўсіх сваіх дзяцей. Дарагія браты і сёстры, служыце еднасці і міру”, - заклікаў Францішак.

Напрыканцы аўдыенцыі, па традыцыі звяртаючыся да моладзі, хворых і новых сужонкаў, Святы Айцец заклікаў іх маліцца ў інтэнцыі еднасці хрысціян і ахвяроўваць за яе свае пакуты. 

Упершыню ідэя міжканфесійнай малітвы аб адзінстве хрысціян з’явілася ў ХІХ ст. У цяперашнім фармаце Тыдзень малітваў праводзіцца з 1908 г. па ініцыятыве кс. Пола Уотсана. Сёння, гэта цыклічнае святкаванне экуменізму. Кожны год, з 18 да 25 студзеня, хрысціяне розных канфесій ва ўсім свеце збіраюцца разам на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах і іншых мерапрыемствах.








All the contents on this site are copyrighted ©.