2017-01-15 13:36:00

Пастырскі візіт Папы на рымскую перыферыю


Вечарам 15 студзеня 2017 г. папа Францішак накіруецца ў італьянскі горад Гуідонія-Монтэчэльё, дзе наведае парафію Санта-Марыя-а-Сэттэвілле. Спецыяльны візіт Святога Айца мае на мэце падтрымаць мясцовага святара, 47-гадовага кс. Джузэпэ Бэрардзіна, які сур’ёзна хварэе ўжо на працягу двух гадоў. Папа завітае да яго адразу па прыбыцці.

Затым Францішак правядзе сустрэчы з рознымі групамі парафіянаў: хворымі, падлеткамі, бацькамі з дзецьмі, якія атрымалі сакрамэнт хросту на працягу мінулага году і душпастырскімі супрацоўнікамі. Кульмінацыяй візіту стане св. Імша, якую ён узначаліць у мясцовым касцёле. Перад гэтым Папа правядзе поўгадзіны ў канфесіянале, спавядаючы вернікаў. 

Санта-Марыя-а-Сэттэвіле – гэта маладая парафія, заснаваная сорак гадоў таму. Касцёл быў пабудаваны ў 2000 г. Да яе належаць каля шасці тысяч вернікаў, з іх больш чым 20% актыўна ўдзельнічаюць у парафіяльным жыцці. Гэта ў асноўным маладыя і шматдзетныя сем’і, сярод іх сем’і нават з сямю дзецьмі.

Гуідонія-Монтэчэльё, з насельніцтвам у каля 75 тыс. чалавек, размешчаны ў рэгіёне Лацыё з адміністрацыйным цэнтрам у Рыме. Нябеснай заступніцай горада лічыцца Маці Божая Ларэтанская.








All the contents on this site are copyrighted ©.