2017-01-14 14:54:00

Пантыфік: глабалізацыя салідарнасці, а не абыякавасці


Глабалізацыя павінна садзейнічаць салідарнасці, а не абыякавасці, падкрэсліў папа Францішак 14 студзеня 2017 г. падчас аўдыенцыі для членаў аўстралійскай грамадскай арганізацыі “Global Foundation”, якія сабраліся ў Рыме на свой штогадовы форум.

Пантыфік пранапаваў углядацца ў прыклад Маці Тэрэзы з Калькуты, каб залячыць раны нанесеныя “безадказнай глабалізацыяй”. Гэтая святая схілялася над пакінутымі на ўзбочынах дарог людзьмі і даносіла іх голас да моцных гэтага свету, каб “прызналі злачынства беднасці, учыненае імі самімі”, нагадаў Папа.

“Неабходна, каб кожны, асабіста, не быў абыякавымі да ранаў бедных, каб навучыўся суперажываць разам з тымі, хто пакутуе ад пераследаў, самотнасці, прымусовага перамяшчэння ці разлучэння са сваёй сям’ёй, з тымі, хто не мае доступу да медыцынских паслугаў, пакутуе ад голаду, холаду ці спёкі”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў пра непрымальнасць эканамічнай мадэлі, якая садзейнічае адчужэнню людзей, калі яны не здаюцца карыснымі паводле крытэрыяў прыбытковасці. Папа перакананы, што рана ці позна, будаўнікі культуры адчужэння, у цэнтры якой стаіць ідал грошай, самі стануць яе ахвярамі.

Святы Айцец заўважыў, што яшчэ Ян Павел ІІ зразумеў небяспеку пашырэння у глабалізаваным свеце “капіталістычнай ідэалогіі”, якая мала цікавіцца феноменам маргіналізацыі і наіўна давярае “выключна свабоднаму развіццю сілаў рынку”. Гэта мадэль не адпавядае сапраўднаму эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу, дадаў Папа. Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік заахвоціў сваіх гасцей спрыяць глабалізацыі салідарнасці ў свеце, кіруючыся прынцамі сацыяльнага навучання Касцёла.

“Global Foundation” пазіцыянуе сябе, як “арганізацыя грамадзянскай супольнасці”, створаная для садзейнічання ўдзелу і дыялогу ў мэтах пашырэння ўзаемаразумення, гармоніі, добрай волі і братэрства ў інтарэсах доўгатэрміновага ўстойлівага развіцця і міжнароднага ўзаемадзеяння. Штаб-кватэра Фонду знаходзіцца ў аўстралійскім Мельбурне.








All the contents on this site are copyrighted ©.