2017-01-13 12:50:00

Падрыхтоўчы дакумент Сіноду: тры часткі і анкета


13 студзеня 2017 г. у Ватыкане прадставілі падрыхтоўчы дакумент будучага Сінода Біскупаў. Ён пройдзе ў кастрычніку 2018 г. на тэму “Моладзь, вера і распазанне паклікання”. Ва ўступе гучыць спасылка на папу Францішка, які заклікае моладзь прыняць актыўны ўдзел у “сінадальным падарожжы”, паколькі ўвесь Касцёл жадае пачуць і адчуць іх голас і веру, а таксама іх сумневы і крытычныя заўвагі. Францішак запрашае маладых людзей устаць на шлях распазнання Божага плану адносна іх жыцця, звярнуў увагу кардынал Ларэнца Балдзісэры на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане, і дадаў, што гаворка ідзе, перш за ўсё, пра ўзроставую групу ад 16 да 29 гадоў.

Падрыхтоўчы дакумент будзе адпраўлены ў Канферэнцыі Біскупаў, сіноды Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і канферэнцыі генеральных настаяцеляў манаскіх кангрэгацый, каб ініцыяваць этап кансультацый “усяго Божага народа “, з мэтай збору інфармацыі аб стане сучаснай моладзі ў розных кантэкстах, што неабходна для фармулавання працоўнага дакумента (Instrumentum Laboris) Сіноду.

Дакумент падзелены на тры часткі. У першай, азагалоўленай: “Моладзь у сучасным свеце”, гучыць заклік, уважліва прыглядзецца да існуючай рэальнасці. Другая, “Вера, распазнанне, пакліканне”, падкрэслівае важнасць жыццёвага выбару для маладога чалавека, уласнага, унікальнага, непаўторнага, адпаведнага Божай волі і карысці чалавека. Слова “пакліканне” тут ужываецца ў шырокім значэнні і ахоплівае ўвесь спектр магчымасцяў. Трэцяя частка, пад назвай: “Душпастырскае дзеянне”, канцэнтруецца на суправаджэнні маладога чалавека Касцёлам. Гэта важна ў сітуацыі, калі сённяшняя моладзь часта адчувае нявызначанасць і няўпэўненасць. Бацькі, душпастыры, настаўнікі тут павінны стаць сапраўдным аўтарытэтам.

Да падрыхтоўчага дакумента далучана спецыяльная анкета, якая, як падкрэсліў генеральны сакратар Сіноду Біскупаў, з’яўляецца яго “неад’емнай часткай”, а не “простым прыдаткам”. Яна таксама падзелена на тры часткі. Першая тычыцца збору статыстычных дадзеных. Другая складаецца з пытанняў. Пятнаццаць агульных пытанняў прапанаваны ўсім без адрознення, і яшчэ па тры для кожнай геаграфічнай вобласці. Трэцяя частка датычыць “душпастрырскіх практык”, якія выкарыстоўваюцца для дапамогі маладым людзям у распазнанні паклікання. 

Адказы на пытанні выкарыстаюць для падрыхтоўкі “Instrumentum Laboris”, дакументу, які будзе накіраваны Сінадальным Айцам перад Асамблеяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.