2017-01-12 15:02:00

Святы Айцец пра два самых важных словы


Наша жыццё – гэта сёння, якое ніколі не паўторыцца, заўважыў Францішак 12 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. У той жа час ён заклікаў не рабіць жорсткімі сэрцы і адкрываць іх для Святога Духа, таму што менавіта тут ідзе змаганне за сённяшні дзень.

Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з Паслання да Габрэяў (Гбр 3,7-14), дзе гучыць заахвочванне: “Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. (...) Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога”. Пантыфік засяродзіўся на двух словах: “сёння” і “сэрца”.

Францішак адзначыў, што “сёння”, пра якое кажа ўрывак Святога Пісання, на самой справе – наша жыццё, гэта “сёння”, напоўненае днямі, якое больш не паўторыцца, пасля яго не будзе заўтра. Гэта “сёння”, у якім мы атрымліваем Божую любоў, “Божае абяцанне, што мы знойдзем Яго”, “сёння”, у якім мы аднаўляем наш запавет вернасці Богу. Таму Святы Айцец перасцярог ад спакусы адкладваць усё на заўтра. 

Ён нагадаў у гэтым кантэксце прыпавесць аб дзесяці паннах, з якіх пяць неразумных не ўзялі з сабой дастатковай колькасці алею для сваіх светачаў і павінны былі вярнуцца купіць яго. У гэты час прыйшоў жаніх, і калі яны вярнуліся, дзверы ўжо былі зачыненымі. Папа прыгадаў іншую прыпавесць пра гаспадара, які зачыніў браму, а тыя, хто застаўся знадворку спрабавалі ўвайсці ў яе, кажучы: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але гаспадар, закрываючы перад імі браму, сказаў: “Не ведаю вас, адкуль вы”. 

Францішак адзначыў, што прыпавесці, якія прагучалі з вуснаў Езуса, падкрэсліваюць ісціну, што наша жыццё – гэта “сёння”, а заўтра – вечная будучыня, без межаў, назаўжды з Богам, пры ўмове, што “сёння” мы застанемся вернымі. Папа заклікаў вернікаў паставіць перад сабой пытанне: “Як я жыву гэтым “сёння”?”.

Затым Святы Айцец засяродзіўся на другім слове – “сэрца”. Бо, паводле яго, менавіта сэрцам мы сустракаем Хрыста, Які шмат разоў папракаў людзей “марудных сэрцам”, лянівых у разуменні Божай праўды. У гэтых словах знаходзіцца падбадзёрванне, не рабіць жорсткімі нашыя сэрцы і падумаць, ці часам наша сэрца не пазбаўлена веры, ці не падманута яно грахом.

“У нашых сэрцах ідзе змаганне за сённяшні дзень. Ці наша сэрца адкрытае для Пана? Мяне заўсёды кранае, калі сустракаю пажылога чалавека – часта святароў і манахінь – якія кажуць мне: “Ойча, маліся, каб я выстаяў да канца”. - “Але, наколькі добра ты пражыў усё сваё жыццё, усе дні твайго “сёння” былі напоўнены служэннем Пану, чаму ты баішся?”. - “Не, але маё жыццё ўсё яшчэ працягваецца; я хачу пражыць яго ў поўнай меры, маліцца, каб сёння апынулася поўным, з сэрцам моцным у веры, а не зруйнаваным грахом, залежнасцямі, сапсутасцю”, - распавёў Францішак.

Папа заклікаў задумацца аб нашым “сёння” і над нашым сэрцы. “Сёння” складаецца з дзён, але ніколі не паўторыцца. Дні паўтараюцца, але да таго часу, калі Пан скажа “дастаткова”. “Пойдзем дадому толькі з гэтымі двума словамі: які мой сённяшні дзень? Сёння можа прыйсці канец, але ён можа наступіць і праз шмат дзён. Але, як выглядае маё “сёння” ў вачах майго Пана? Ці з’яўляецца маё сэрца адкрытым, моцным у веры? Ці дазваляю любові Пана весці сябе? З дапамогай гэтых двух слоў будзем прасіць у Пана ласку, у якой кожны з нас мае патрэбу”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.