2017-01-10 12:49:00

Пантыфік пра тры рысы ўлады Езуса


Езус меў уладу, таму што служыў народу, быў блізкім да людзей і паслядоўным, у аднозненні ад настаўнікаў закону, якія адчувалі сябе князямі і пагарджалі людзьмі, падкрэсліў папа Францішак 10 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. 

Літургічнае евангельскае чытанне, якое прагучала падчас св. Імшы (Мк 1,21-28), кажа пра рэакцыю народа, здзіўленага вучэннем Хрыста, бо Ён “вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі”. Пантыфік заўважыў, што ўлада Езуса была рэальнай, а фарысеяў – фармальнай.

Паводле Святога Айца, існуе тры рысы, якія адрозніваюць уладу Езуса ад улады кніжнікаў. “Езус служыў народу, тлумачыў рэчы, каб людзі іх добра разумелі: знаходзіўся ў іх на службе. Ён меў падыход слугі і гэта давала Яму ўладу. А вось настаўнікі закону – якіх народ слухаў, паважаў, але не адчуваў, што яны маюць ўладу – мелі псіхалогію князёў”, - падкрэсліў Папа.

Іншай рысай, паводле Францішка, з’яўляецца блізкасць да народа. “Езус не меў алергіі на людзей: дакранацца да пракажонных, хворых – гэта не выклікала ў Яго агіды”, - сказаў ён і заўважыў, што кніжнікам больш падабалася прагульвацца па плошчах, насіць добрую вопратку. Яны, па словах Святога Айца, мелі “клерыкалісцкую псіхалогію”.

Апошняя рыса ўлады Езуса, на якую звярнуў увагу Папа – гэта паслядоўнасць. Езус жыў тым, што прапаведваў, у той час як кніжнікі казалі адно, а рабілі іншае – былі крывадушнікамі. 

“Вядома, што чалавек, які адчувае сябе князем, які мае клерыкалісцкі падыход, які з’яўляецца крывадушным, не мае ўлады! Ён будзе казаць праўду, але без улады. Езус жа, які служыў, быў блізка, не пагарджаў народам і быў паслядоўным, меў уладу, і гэту ўладу адчуваў Божы люд”, - сказаў Пантыфік.

У апошняй частцы сваёй гаміліі Святы Айцец нагадаў прыпавесць пра Добрага Самараніна і здзіўленне, якое ахапіла гаспадара заезду, да якога ён прынёс збітага і пакінутага пасярод дарогі чалавека. Так і народ здзіўляўся ўладзе Езуса: уладзе пакорнай, служэбнай, блізкай да людзей і паслядоўнай, лічыць папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.