2017-01-09 14:02:00

Папа: беднасць – урадлівая глеба для фундаменталізму


Неабходна вырашыць праблемы беднасці і сацыяльнай няроўнасці, якія становяцца ўрадлівай глебай для пашырэння фундаменталізму, падкрэсліў папа Францішак 9 студзеня 2017 г. падчас сустрэчы з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе. Ён прыняў дыпламатаў на аўдыенцыі, якая па традыцыі штогадова праходзіць хутка пасля святаў Божага Нараджэння.

У сваёй доўгай і ўсёабдымнай прамове Францішак падкрэсліў, што да гэтага часу мір з’яўляецца “далёкім міражам” для многіх народаў. Францішак перакананы, што яго наступленню павінны садзейнічаць ўсе рэлігіі. Спасылаючыся да нядаўняй сустрэчы з Патрыярхам Кірылам і экуменічнага візіту у Лунд, Пантыфік падкрэсліў, што гэтыя падзеі нагадваюць пра тэрміновую патрэбу ў тым, каб залячыць раны мінулага і разам крочыць да супольных мэтаў.

Францішак асудзіў выкарыстанне імя Бога для апраўдання насілля. “Звяртаюся да ўсіх рэлігійных лідэраў, каб былі паяднанымі ў сцвярджэнні таго, што ніколі нельга забіваць у імя Бога. Фундаменталісцкі тэрарызм – гэта плён цяжкой духоўнай беднасці, да якой часта далучана істотная сацыяльная галеча. Ён можа быць канчаткова пераможаны толькі дзякуючы супольнаму ўнёску рэлігійных і палітычных лідэраў”, - сказаў Папа.

Каментуючы міграцыйную праблему Пантыфік заўважыў, што “разважлівы” падыход да яе вырашэння не азначае “рэалізацыі палітыкі закрытасці” у адносінах да мігрантаў. Міграцыйная праблема не можа пакідаць абыякавымі некаторыя краіны, у той час як іншыя нясуць гуманітарны цяжар, нярэдка коштам значных высілкаў і цяжкіх праблем, лічыць ён.

Францішак выказаў падзяку краінам, якія прымаюць патрабуючых, асабліва Італіі, Германіі, Грэцыі і Швецыі. Ён узгадаў таксама пра драматычную сітуацыю мігрантаў у Лацінскай Амерыцы, якія нярэдка становяцца ахвярамі гандляроў людзьмі.

Свае думкі Папа скіраваў да дзяцей, якія сталі ахвярамі эгаізму і насілля з боку дарослых. Пантыфік узгадаў пра “пазбаўленых радасцяў дзяцінства і маладосці” сірыйцаў і заклікаў пакласці канец канфлікту ў гэтай краіне, а таксама садзейнічаць міру у Лівіі, Іраку, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, ва Украіне, Судане, Венесуэле і Калумбіі, на ўсім Блізкім Усходзе, прымірэнню паміж ізраільцянамі і палестынцамі, ЗША і Кубай.

Святы Айцец заахвоціў міжнародную супольнасць “выкараніць заганны гандль зброяй і пастаянную пагоню за вытворчасцю і распаўсюджваннем ўсё больш магутных узбраенняў”. Ён выказаў “збянтэжанасць” па прычыне ядзерных выпрабаванняў на карэйскім паўвостраве, якія “дэстабілізуюць увесь рэгіён”. Папа выступіў супраць ядзернай зброі і звярнуў увагу на тое, што доступ да зброі малога калібру таксама нараджае пачуцце небяспекі і страху.

Паводле Францішка, Еўропа павінна нанова адкрыць свае карані, каб здолець пабудаваць будучыню на фундаменце новага гуманізму, заснаванага на здольнасці інтэграваць, весці дыялог і ствараць, што зрабіла вялікім так званы Стары Кантынент. “Працэс еўрапейскага аб’яднання, які пачаўся пасля другога сусветнага канфлікту, быў і застаецца адзінай магчымасцю для стабільнасці, міру і салідарнасці паміж народамі”, - лічыць Папа.

Напрыканцы сваёй прамовы Пантыфік заклікаў дзяржавы супрацьстаяць кліматычным зменам і выказаў салідарнасць з народамі, якія на працягу мінулага году пацярпелі ад разбуральных прыродных з’яў і катаклізмаў. 

Апостальская Сталіца падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 182 краінамі, Еўрапейскім Саюзам і Суверэнным Мальтыйскім Ордэнам. У мінулым годзе яны былі ўстаноўлены з Ісламскай Рэспублікай Маўрытанія. 








All the contents on this site are copyrighted ©.