2017-01-08 12:04:00

Папа падчас хросту ў Ватыкане: плач – першае казанне Езуса


У свята Хросту Пана, якоя адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 8 студзеня 2017 г., Пантыфік ахрысціў 28 дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх структур: 13 дзяўчынак і 15 хлопчыкаў. Урачыстая цырымонія, згодна са старажытным звычаем, прайшла падчас св. Імшы ў Сікстынскай капэле Ватыкана.

Каб перадаць дар веры ўласным дзецям, заўважыў у сваёй кароткай гаміліі, прамоўленай без загадзя падрыхтаванага тэксту Святы Айцец, трэба жыць ёй і сведчыць аб ёй – не дастаткова толькі вызнаваць яе падчас нядзельнай Імшы.

Па словах Францішка, верыць – значыць давяраць Богу і менавіта гэтаму бацькі павінны навучыць сваіх дзяцей праз уласны прыклад. Пантыфік таксама нагадаў, што хрышчэнне ў раннім хрысціянстве называлі “асвячэннем”, таму што “вера асвячае сэрца, дазваляе бачыць рэчы пад іншым святлом”.

Папа з гумарам назваў “канцэртам” плач дзяцей падчас літургіі. Паводле яго слоў, гэта не парушае сакральнасці абраду. “Мне падабаецца думаць, што першай пропаведзю Езуса ў стаенцы быў менавіта плач”, - сказаў ён. Як і ў папярэднія гады Францішак дадаў, што калі хтосьці з дзяцей заплача па прычыне голаду, маці павінна пакарміць яго не бянтэжачыся, “як Маці Божая карміла Езуса”.

Напрыканцы сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў бацькоў, каб іх выхаванне дзяцей у веры станавілася сведчаннем для ўсіх, у тым ліку святароў і біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.